стужка

ой хто гэтыя людзі са стужкі
выбітныя пісьменнікі
выдатныя палітолагі
ой хто я ў параўнанні
ой хто я ў параўнанні
яны ці чытаюць наогул
ой дзякаваць богу
яны не чытаюць
яны пішуць
каб я чытаў
ой а ў мяне няма часу
я ж пішу

31.01.16

знаўцы

дождж
мярзотна
люты дождж мярзотна
які ж гэта люты
адны пакуты
сусед спіць
аўтобус цягнецца
не трэба з суседа кпіць
няхай цягнецца
знаўцы жыцця
і не тое ведаюць
насупраць мяне
нейкі алкаш
ён наш

09.02.16

у аўтарскай рэдакцыі

у аўтарскай рэдакцыі
кветкі розных часоў
квіткі ў сталіцу
з улікам бягучага моманту
сляды маманта
абавязкова ў аўтарскай
наколькі хопіць натхнення
мне восем найменняў
натхнення
менавіта столькі
беларускі сум
яўрэйскімі вачыма
беларускі сум
калі гэта айчына
не ў тваёй
на жаль
версіі
і трэба плакаць
на першым паверсе
і рэдагаваць
да апошняга

кастрычнік 2015

Спачуваю-чую-чую

А ты спачувай спачувай
Галоўны ты наш спачувальнік
Во і людзі пацягнуцца
І жанчыны сталага веку
І маладзейшыя
А дзе ж
А вось жа я
Чую-чую-спачуваю
Спачуваю-чую-чую
Амаль не адпачываю
Жыццё
Цвіце-цвіце
Бэзам
Ці блюзам
Жыць трэба годна
Жыць трэба ладна
А хто памёр
У тваіх думках
А хто ўваскрос
Знянацку
Прабач
Не прадбачу
Перш за ўсё
Факты
Трошкі сумна
Калі ты толькі камізэлька
Калі ты толькі апошні сродак
Бэзам
Ці блюзам
Чую-чую-спачуваю
Спачуваю-чую-чую

травень 2015

верце

мінулагодні вецер
пазамінулы страх
вы толькі верце
са срэбнаю лыжкай у зубах
нарадзіліся у кашулі
пайшлі ў лазню
недзе ў пазамінулым
дзе страшна
пачвары на трох колах
нехта ў чорным
не надта вясёлы
для маёй мары
але мара для сэрца
астатняе проста жах
вы толькі верце
верце
са срэбнаю лыжкай у зубах

04.04.15, 07.02.16

* * *

за зачыненымі дзвярыма
што гавораць пра цябе
ці не пра цябе
адчыніце дзверы
няхай гаворыць паветра

* * *

кожны дзень
першая дзея
жыццё ідзе

* * *

усё жыццё
практыкаванні у моўным
і умоўным

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0