Стужка «ГараШ», знятая сцэнарыстам і драматургам Андрэем Курэйчыкам за мізэрныя грошы, выклікала шчырую цікавасць гледачоў і акупілася ў пракаце за першы тыдзень. Андрэй распавёў «Нашай Ніве», як ён вырашыў здымаць сваё кіно, колькі грошай на гэта патрэбна і чаму ён не хоча з'язджаць з Беларусі. 

Андрэй Курэйчык на здымках фільма «ГараШ». Фота inerfax.by.

Андрэй Курэйчык на здымках фільма «ГараШ». Фота inerfax.by.

«Наша Ніва»: «ГараШ» паказвае надзіва добрыя вынікі ў пракаце. Вы здзіўленыя?

Андрэй Курэйчык: І так, і не. Спачатку ён вельмі добра стрэліў на фестывалі «Лістапад». Гэтым зацікавіліся пракатчыкі — кампанія «Інтэрфільм», якая паказвае галівудскія блакбастары ў Беларусі. Яны пабачылі патэнцыял, пры тым што мы не маглі даць ім ані капейчыны, бо рэкламнага бюджэту ў нас не было. І вось, выбралі тэрмін рэлізу, запусцілі стужку ў пракат. Прычым гэта яшчэ не самы лепшы час для нашага фільма, бо, па-першае, усе ідуць на «Дэдпул». Па-другое, Дзень святога Валянціна — калі і ёсць фільм, які не павінен ісці на гэта свята, то гэта «ГараШ» (смяецца). Там няма кахання зусім. Але як выйшла, так выйшла.

«НН»: Пракатнае пасведчанне далі без праблем?

АК: Так. Але ж калі фільм ў Мінску паказваюць, то ў абласцях — па-рознаму. У Гродне правялі прэс-канферэнцыю са стваральнікамі, паказваюць фільм, людзі добра яго прымаюць. У Брэсце кіно пракатваюць, але прэс-канферэнцыю не далі правесці. У Гомелі і Магілёве чамусьці ўвогуле не даюць паказаць фільм. У «Магілёўпракаце» проста перасталі падыходзіць да тэлефона. Я не ведаю, ці на месцы перастрахоўваюцца, ці што яшчэ… Але чамусьці вось праблемы. Можа, таму, што кіно пра дробных беларускіх прадпрымальнікаў, а беларускія дробныя прадпрымальнікі якраз сёння выходзяць на вуліцы? Ну, гэта супадзенне, мы не спецыяльна.

Увогуле, гэта паказвае рэальнае стаўленне да беларускага кіно. Гэтыя людзі не разумеюць, што, паказваючы «Дэдпул», яны выводзяць валюту з краіны. Бо роўна палова грошай, якія збярэ стужка, ідзе студыі «Дысней». А грошы ад беларускага фільма застаюцца ў краіне, на іх будзе зняты новы фільм, беларускія артысты атрымаюць працу… Таму, хоць у нас і аб’яўлены Год культуры, у вобласці кіно — гэта чарговы раз Год Амерыканскай Культуры.

«НН»: А які бюджэт у вас быў?

АК: Каля чатырох тысяч даляраў. Іх мы ўжо адбілі. Увогуле, «ГараШ» — першы беларускі фільм, які акупіўся ў нашым пракаце. І гэта ў нас яшчэ было мала копій, нам далі не топавыя кінатэатры. А мы ўсё ж паказалі нават лепшы вынік, чым расійскія стужкі, якія выходзілі ў беларускі пракат адначасова з намі.

Увогуле, гэта ўсё пачыналася як хуліганства. І мы не чакалі, што нас запросяць на «Лістапад», што людзі настолькі зацікавяцца. Камерцыйнага плана не было. Але ж кіно акупілася. Цікава, што тыя ж «Мы, браты» за кожны даляр, які яны зарабілі, выдаткавалі 122 даляры. А мы за кожны даляр, які выдаткавалі, зарабілі яшчэ мінімум два.

Спачатку мы хацелі рабіць зусім маленькі праект, але неяк гэта разраслося… Некаторыя самі папрасіліся — Эвеліна Сакура, якая здымалася нават у Міхалкова, пазваніла, сказала, што ёй цікава… Прычым ролі для яе не было, прыйшлося адмыслова пісаць. І яна здымалася без ганарару. Сышліся проста імпульсы творчых людзей. На жаль, мы маглі здымаць вельмі абмежаваны тэрмін, бо нам дапамаглі з абсталяваннем, а браць яго за грошы мы не маглі. І, хоць мы ведалі, што ёсць лакуны ў сцэнары, не хапае грошай… Але мы ўсе выклаліся на 150% — і вось, здаецца, атрымалася.

«НН»: А куды пайшлі грошы? На заробак акторам?

АК: У асноўным. Гэта была асноўная частка выдаткаў.

«НН»: А чаму менавіта Кулінковіч у галоўнай ролі?

АК: Я здымаў яго яшчэ ў «Вышэй за неба», ён мне запаў у душу. Я лічу, што Кулінковіч — тыповы герой сённяшняй Беларусі, які адлюстроўвае эпоху ідэальна. Ён чалавек з савецкімі каранямі, што адлюстроўваецца і ў ім, і ў яго творчасці, чалавек складаны, напаўзламаны, дарэчы… Дваісты: з аднаго боку, забаронены рокер, а з іншага — калумніст «Советской Белоруссіі». І вось гэты кагнітыўны дысананс беларускага грамадства, гэтая эклектыка ў ім. Ён прывык, нягледзячы ні на што, неяк выжываць. І пры гэтым усім — ён мудры. Таму я адразу бачыў яго героем фільма.

Трэйлер фільма «ГараШ».

«НН»: А паказ у Страсбургу?

АК: Мы не прапаноўвалі кіно нікому. На форуме ПАРЕ ў Страсбургу былі запланаваныя дыскусіі: Сірыя, мігранты… і постсавецкі свет, постсавецкія людзі. Чаму людзям прапануюць прайсці трансфармацыю, каб потым жыць нармальна, а яны не хочуць: ізноў выбіраюць Лукашэнку, Пуціна, жыццё за 200 еўра ў месяц.

«НН»: Народ не хоча?

АК: Аб’ектыўна кажучы, так, бо хацелі б, то б памянялі. І вось на дыскусіі ў Страсбургу еўрапейцы хацелі зразумець, чаму людзі, якія жывуць у складаных умовах, задаволеныя і не хочуць штосьці памяняць. А «ГараШ» якраз выйшаў і фактычна быў пра гэта. Таму беларусы, якія працуюць у Радзе Еўропы, вырашылі гэтага чалавека еўрапейцам паказаць. Фільм, дарэчы, прайшоў вельмі добра і дыскусія потым была вельмі цікавая. Рэальна, для еўрапейцаў тое, як і чаму мы жывем, — загадка.

«НН»: А для вас?

АК: Я думаю, што вінаватая прамыўка мазгоў, пад якую трапілі некалькі пакаленняў. Актыўных і таленавітых выціснулі з краіны, з астатнімі «працуюць». Я ж бачу, напрыклад, што, калі мой сын атрымлівае ў школе падручнік, на вокладцы напісана «падарунак ад прэзідэнта».

«НН»: То бок не людзі самі такія, а іх такімі робяць?

АК: Так. І ў Беларусі, і ў Расіі. Увогуле, акрамя Прыбалтыкі, постсавецкім краінам не надта шанцавала, яны ўсе траплялі на нейкіх ідыётаў.

«НН»: Вы шмат працуеце і бываеце ў Расіі. Як вам?

АК: Мне нармальна, бо я працую з выдатнымі і адэкватнымі людзьмі. Але ў Расіі ў большасці звычайнага народу адчуваецца імперыялістычная гарачка. Чытаю «Акаянныя дні» Буніна, дык сёння вось тое ж, што было пасля Лютаўскай рэвалюцыі. «Ура, мы ўсіх пераможам, толькі мы найлепшыя…» Вось такое.

«НН»: Вы неяк казалі, што «вельмі жаль, што мае дзеці жывуць у сённяшняй Беларусі». Дык а што вам перашкаджае тады з’ехаць? Францыя, Іспанія… Куды заўгодна.

АК: Дык там мае дзеці хутка ператворацца ў французаў ці іспанцаў. А мне вельмі важна захаваць і выхаваць іх беларусамі. Да таго ж, калі ўсе актыўныя людзі з’едуць, тут увогуле пачнецца дэградацыя. Наша задача — адрадзіць краіну, зрабіць яе лепшай. Мая місія — тут.

«НН»: Пасля поспеху «ГараШа» будзеце працягваць здымаць беларускае кіно?

АК: Так, улетку хачу зняць фільм. Гісторыя ўжо ёсць.

«НН»: Вы калісьці ў інтэрв’ю сказалі, што калі б маглі, то знялі б пра Беларусь чатыры стужкі: камедыю, прытчу, драму і фантастыку.

АК: Так, хацеў бы. Камедыю я б зняў пра моладзь, пра пацанву, паказаць гэтае пакаленне. Драма была б пра жаночыя лёсы. Прыпавесць — гэта была б экранізацыя маёй п’есы. Я вельмі хацеў бы зняць кіно па п’есе «Згублены рай» пра Каіна і Авеля, напрыклад. А фантастыка будзе пра Брэсцкую крэпасць. Сюжэт я ўжо прыдумаў.

«НН»: Пра вайну?

АК: Зусім не. Пра маладога шляхціца з ХVІІІ стагоддзя, які трапляе ў сучасны Брэст і не разумее, што адбываецца. Адкуль мяжа з Польшчай? Чаму ўсе размаўляюць па-руску? Гэта можа быць клёва.

«НН»: Дарэчы сённяшняя мода на гісторыю, нацыянальную сімволіку, як да яе ставіцеся?

АК: Нармальна. Гэта, думаю, такі падсвядомы адказ на русіфікацыю, на падзеі ва Украіне. Нават жа дзяржава пачынае разумець, што трэба ідэнтыфікаваць сябе як беларусаў. Бо інакш усе гэтыя казачкі так спяюць аднойчы, што нам мала не пакажацца.

«НН»: А што вас зацікавіла ці ўразіла з апошніх беларускіх кніг, музычных альбомаў, фільмаў?

АК: Мне спадабаўся праект Андрэя Кудзіненкі «Хронотопъ», хоць ён вельмі такі элітарны, для вузкіх колаў. Але гэта важны праект. З кніг… Я чытаў Марціновіча, Арлова апошняга, але каб штосьці ўразіла… Такога няма.

«НН»: А кіно? «Мы, браты» вам вельмі не спадабаліся, я ведаю.

АК: Дарэчы, наш фільм — гэта альтэрнатыва развіцця беларускага кіно адносна «Мы, браты». Я б, можа, і не здымаў «ГараШ», каб не быў так абураны гэтым бяздумным марнаваннем грошай. Дзяржава ж не мае грошай, гэта ўзята ў нас, тых хто плаціць падаткі. Калі б прадзюсар Ждановіч здымаў гэта на свае — я б маўчаў. Замест «Братоў» можна было б зняць сто фільмаў кшталту таго ж «ГараШа», зарабіць грошай і пачаць нарэшце развіваць наш кінематограф.

«НН»: А вы б самі пагадзіліся ўзначаліць праект накшталт «Мы, браты», калі б вам прапанавалі?

АК: Не. Я ведаў адразу, чым гэта скончыцца. Бо рынак Беларусі можа сабраць абмежаваную колькасць грошай. Той жа «Дэдпул» збярэ ў нас прыкладна 500—600 тысяч даляраў максімум. І людзі павінны разумець, што, калі ты выдаткоўваеш 5 мільёнаў, ты іх не зможаш вярнуць. Аніяк. У чым сэнс гэтага? Тым больш, ну не каштуе такое кіно столькі. Каб мы здымалі свой «Гараш» па камерцыйных цэнах, ён абышоўся б нам у 50 тысяч даляраў. А «Мы, браты» — у мільён, не больш. Мільён, гэта з Эрыкам Робертсам, з той Наташай Алам. Я думаю, што яна ўвогуле каштуе 800 даляраў за здымачны дзень. А там колькі было прапісана? 20 тысяч, здаецца. Добра было б, калі б пранкеры пазванілі яе агенту. Я ўпэўнены, што можна было б дамовіцца за 800 баксаў.

Таму «Мы, браты» – гэта бессэнсоўны вывад грошай. Дзяржаву падманулі. Прычым ну хоць бы быў мастацкі сэнс. А яго ж таксама няма. Адна справа даваць грошы Таркоўскаму, фільмы якога будуць глядзець сто гадоў па ўсім свеце. А выдаткаваць мільёны на аднаразовы фільм? Навошта?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?