Еўрапейскае агенцтва па бяспецы палётаў (EASA) рэкамендавала камерцыйным авіякампаніям разгледзець магчымасць аднаўлення палётаў над Крымам. У EASA лічаць, што палёты над паўвостравам могуць быць адноўленыя, бо рызыкі, звязаныя з анексіяй Крыма Расіяй, знізіліся, і рух над ім з'яўляецца бяспечным, паведамляюць інфармагенцтвы.

Раней EASA рэкамендавала еўрапейскім авіяперавознікам на нявызначаны тэрмін адмовіцца ад палётаў над паўвостравам, нягледзячы на тое, што Кіеў абяцаў забяспечыць бяспеку паветранага транспарту. Прычынай таму была «юрыдычная нявызначанасць у статусе Крыма».

У раёне Крыма праходзілі чатыры авіяцыйныя маршруты. Цяпер агенцтва дапусціла выкарыстанне двух маршрутаў у межах Сімферопальскага раёна. Пры гэтым каардынаваць і кантраляваць палёты замежных кампаній павінны авіядыспетчарскія службы Украіны.

Дазвол EASA у Еўропе ўжо назвалі перамогай Украіны, бо авіядыспетчарскія службы РФ у дакуменце не згадваюцца. Гэта дазволіць Украіне атрымліваць сродкі за авіярэйсы над Крымам, нягледзячы на цяперашні статус паўвострава. Якіх-небудзь каментароў Расавіяцыі на гэты конт пакуль не паступала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?