15 красавіка Сяргей і Аляксандр Скрабцы аднавілі галадоўку. Пра гэта ў інтэрв\’ю БелаПАН паведаміў былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў С.Скрабец.

«Мы вырашылі працягваць галадоўку салідарнасці з палітзняволенымі ў Беларусі. Так, мы не будзем яе працягваць да сваёй смерці і прыпынім, калі нам стане горш. Але праз некаторы час мы зноў адновім галадоўку. І будзем гэта рабіць да таго часу, пакуль беларускія ўлады не вызваляць усіх палітзняволеных», — паведаміў С.Скрабец.

Нагадаем, браты Скрабцы 10 сакавіка аб’явілі бестэрміновую галадоўку з патрабаваннем неадкладна вызваліць лідэра Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандра Казуліна, а таксама актывістаў маладзёжнага і прадпрымальніцкага руху Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча. 1 красавіка яны прыпынілі галадоўку. Рашэнне было прынята ў сувязі з дрэнным самаадчуваннем, якое магло перашкодзіць ім у арганізацыі мітынгу ў Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі 2 красавіка.

Паводле слоў С.Скрабца, галадоўка салідарнасці пакуль не паўплывала на рашэнне ўладаў.

«Яны не спынілі пераследаваць актывістаў апазіцыі. 16 красавіка будзе працягвацца суд над актывістам маладзёжнага апазіцыйнага руху Андрэем Кімам, 22 красавіка — над актывістам прадпрымальніцкага руху Сяргеем Парсюкевічам. Улады працягваюць рэпрэсіі нават пад пагрозай эканамічнай блакады Беларусі з боку краін Еўропы», — зазначыў ён.

С.Скрабец падкрэсліў , што галадоўку салідарнасці неабходна працягваць. «Свабоды варты толькі той, хто за яе змагаецца», — заявіў ён.

Ён таксама паведаміў, што ў галадоўцы салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі ўзялі ўдзел больш як 60 чалавек.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0