Улады Еўрасаюза дамовіліся з Лонданам аб тым, што Вялікабрытанія застанецца ў складзе ЕС, паведаміў у сваім мікраблогу старшыня Еўрарады Дональд Туск.

Паводле яго слоў, пагадненне было падтрымана аднагалосна.

Першай аб дасягненні дамоўленасці напісала прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце.

«Пагадненне #UKinEU [Вялікабрытанія ў ЕС] дасягнутае», — паведаміла Грыбаўскайце ў сваім мікраблогу.

Затым інфармацыю пацвердзіў чэшскі прэм'ер-міністр Багуслаў Саботка, назваўшы здзелку «годным кампрамісам».

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран паведаміў, што дамовіўся з Брусэлем аб асаблівым статусе Вялікабрытаніі ў ЕС. Умовы ўгоды будуць прадстаўленыя кабінету міністру пазней, дадаў ён.

Кэмеран патрабаваў ад ЕС рэформаў і пагражаў выхадам краіны з Еўрасаюза ў тым выпадку, калі яго патрабаванні не будуць пачутыя.

Брусель арганізаваў з Лонданам перамовы, на якіх абмяркоўваліся чатыры галоўныя спрэчныя пытанні:

  • Вызваленне Вялікабрытаніі ад больш цеснай інтэграцыі з Еўрапейскім саюзам і наданне нацыянальным парламентам больш шырокіх паўнамоцтваў.
  • Абмежаванне доступу мігрантаў з ЕС да падатковых ільгот і дапамог.
  • Абарона ўнутранага рынку краін, якія не ўваходзяць у еўразону, у тым ліку Вялікабрытаніі.
  • Павышэнне канкурэнтаздольнасці.

Рэферэндум па пытанні далейшага сяброўства Вялікабрытаніі ў складзе ЕС плануецца правесці 23 чэрвеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?