Прэзідэнт Калумбіі Хуан Мануэль Сантас выставіў ультыматум паўстанцам з леварадыкальнай групоўкі ФАРК для дасягнення міру ў краіне. Паводле яго слоў, крайні тэрмін для заканчэння перамоўнага працэсу — 23 сакавіка, і працягвацца ён не будзе.

«Час для перамоваў падышоў да канца. Да 23 сакавіка — даты, замацаванай у дамоўленасцях паміж прэзідэнтам рэспублікі і Рэвалюцыйнымі ўзброенымі сіламі Калумбіі, засталося менш за пяць тыдняў», — сказаў Сантас.

У ходзе перамоў, якія працягваюцца з 2012 года, была дасягнутая дамоўленасць аб удзеле паўстанцаў у палітычным працэсе (гэта было адным з галоўных патрабаванняў ФАРК), сумеснай барацьбе з наркабізнэсам і зямельнай рэформе.

Па-ранейшаму застаюцца рознагалоссі з нагоды раззбраення баевікоў, акрамя таго, не вызначаны механізм прызначэння суддзяў спецыяльнага трыбуналу, які павінен расследаваць злачынствы, учыненыя ў перыяд ваеннага канфлікту.

Узброены канфлікт паміж калумбійскімі ўладамі і ФАРК працягваецца больш за 50 гадоў. За гэты час было забіта больш за 220 тысяч чалавек, яшчэ 6 мільёнаў былі вымушаныя пакінуць сваё жыллё. Мірныя перамовы пачаліся ў Гаване ў лістападзе 2012 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?