Узровень далейшых адносін Беларусі з Еўрапарламентам будзе залежаць ад вынікаў парламенцкіх выбараў, заявіў экс-палітвязень Мікалай Статкевіч па выніках свайго візіту ў Брусель 17—19 лютага.

Парламенцкія выбары, нагадаем, павінны адбыцца не пазней за 11 верасня 2016 года.

У Бруселі Статкевіч выступіў з дакладам па сітуацыі ў Беларусі на пасяджэнні фракцыі Еўрапарламента «Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў», а затым і на пасяджэнні групы Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю, дзе, паводле яго слоў, выказаў сваю негатыўную пазіцыю адносна рашэння ЕС зняць большасць санкцый з беларускіх чыноўнікаў і прадпрыемстваў.

Паводле слоў палітыка, дэпутаты Еўрапарламента хочуць выкарыстаць сітуацыю з адменай санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў. «Яны будуць выкарыстоўваць сённяшнюю сітуацыю, бо ёсць шмат дэпутатаў, якім быў забаронены ўезд у Беларусь. Цяпер яны збіраюцца прыязджаць, напрыклад, польскія дэпутаты маюць намер шчыльна заняцца праблемамі Саюза палякаў на Беларусі», — сказаў ён.

Статкевіч не выключае сустрэч еўрадэпутатаў з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. «Але яны будуць праходзіць, каб паслухаць іх пазіцыю. Беларускі парламент у Еўранэст пакуль уключаны не будзе. Крытэрый такі: неабходныя змены выбарчага заканадаўства і рэабілітацыя палітвязняў. Акрамя таго, шмат што будзе залежаць ад таго, як пройдуць выбары. Па іх выніках у парламенце павінна быць апазіцыя. Толькі тады Палата прадстаўнікоў можа трапіць у Еўранэст», — адзначыў ён.

Таксама Статкевіч паведаміў, што для дэпутатаў Еўрапарламента важна, як будуць падрыхтаваныя выбары. «Яны пыталіся, ці магчыма змяніць умовы правядзення выбараў, не змяняючы закон. У прынцыпе, напэўна, можна палепшыць умовы пастановамі Цэнтрвыбаркама, але гэта вельмі ненадзейна, пра іх можна будзе забыць, калі ўлады ўбачаць, што шмат галасоў аддаецца ў падтрымку апазіцыі», — сказаў ён.

Нагадаем, Савет міністраў замежных спраў краін ЕС на пасяджэнні 15 лютага ў Бруселі не працягнуў дзеянне санкцый у дачыненні да 170 фізічных і трох юрыдычных беларускіх асоб. У той жа час пад дзеяннем візавых і эканамічных санкцый застаюцца чацвёра грамадзян, якіх ЕС лічыць датычнымі да знікненняў палітыкаў у 1999—2000 гадах: Уладзімір Навумаў (былы міністр унутраных спраў), Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта), Юрый Сівакоў (у перыяд знікнення палітыкаў займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзмітрый Паўлічэнка (камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС). Еўрасаюз таксама захаваў эмбарга на пастаўкі ўзбраенняў.

Старшыня дэлегацыі Еўрапарламента па адносінах з Беларуссю Богдан Здруеўскі плануе наведаць Мінск у маі. Плануюцца яго візіты ў сталіцу і Гродна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?