Сірыйская апазіцыя пагадзілася заключыць з войскамі прэзідэнта Башара Асада перамір'е на два-тры тыдні пры ўмове, што Расія спыніць свае авіяўдары.

Найбольш спрэчным пунктам гэтага патрабавання, як прызнаюць самі апазіцыянеры, застаецца спыненне бамбаванняў арганізацыі «Фронт ан-Нусра», якая афіляваная з «Аль-Каідай» і прызнаная Радай Бяспекі ААН тэрарыстычнай.

Як паведамляюць інфармагенцтвы, апазіцыя таксама патрабуе зняць аблогу з падкантрольных ім населеных пунктаў і пачаць забеспячэнне насельніцтва гуманітарнай дапамогай. Пры выкананні гэтых умоў апазіцыянеры гатовыя падпісаць перамір'е.

Пры гэтым Расія раней заяўляла, што можа працягнуць наносіць авіяўдары па пазіцыях тых, каго яна лічыць баевікамі, нават у выпадку заключэння перамір'я. Афіцыйная пазіцыя Масквы з нагоды апошніх патрабаванняў апазіцыі пакуль не абвяшчалася.

Перамір'е плануецца падпісаць на два-тры тыдні, аднак затым яго могуць працягнуць. Удзельнікамі пагаднення будуць усе бакі канфлікту ў Сірыі, акрамя баевікоў «Ісламскай дзяржавы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?