Затрыманы педафіл, які чапляўся да хлопчыкаў у дзіцячым лагеры ў Гродзенскім раёне. Пра гэта паведаміў на сумесным брыфінгу ва ўпраўленні Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці начальнік упраўлення крымінальнага вышуку УУС Гродзенскага аблвыканкама Мікалай Кавалеўскі.

У ноч на трэцяе ліпеня 2015 года невядомы мужчына з сэксуальнымі намерамі прабраўся ў спальню да хлопчыкаў у аздараўленчым лагеры «Арляня» ў Гродзенскім раёне. На шум зрэагавала выхавальніца, якая напалохала злачынца. Мужчына ўцёк.

«Выкрыць злачынца дазволіла зладжаная праца супрацоўнікаў міліцыі, следчых, экспертаў. У наша поле зроку трапілі больш за 2,3 тыс. чалавек, якія ў гэты час знаходзіліся ў раёне дзіцячага лагера ў папулярнай зоне адпачынку. Усіх неабходна было праверыць», — адзначыў Мікалай Кавалеўскі.

У поле зроку праваахоўнікаў падазраваны трапіў на другі дзень пасля здарэння. У дачыненні да яго праводзіліся дадатковыя следчыя дзеянні.

«Сёння атрымалі дадзеныя генатыпаскапічнай экспертызы, якая даказвае яго стопрацэнтную вінаватасць ў дадзеным злачынстве. Высвятляецца яго магчымае дачыненне да іншых падобных злачынстваў. Падазраваны затрыманы», — адзначыў начальнік следчага ўпраўлення УСК па Гродзенскай вобласці Андрэй Явлаш.

Падазраваны ў злачынстве — жыхар Ліды, 1978 года нараджэння, работнік чыгункі. Пацярпелымі па справе прызнаныя чацвёра хлопчыкаў 2002-2005 гадоў нараджэння. У дачыненні да падазраванага распачатая крымінальная справа па ч.3 арт.167 (распусныя дзеянні сэксуальнага характару ў дачыненні да непаўналетніх) КК РБ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?