План перамір'я ў Сірыі, узгоднены ЗША і Расіяй, павінен набыць моц апоўначы 27 лютага, паведамляе тэлеканал «Аль-Джазіра» са спасылкай на рабочы варыянт дакумента, які аказаўся ў яго распараджэнні.

Гэтую інфармацыю пацвярджае і Рэйтэр: паводле дадзеных крыніц агенцтва ў дыпламатычных колах, пад дзеянне дамовы не трапляюць экстрэмісцкія арганізацыі «Ісламская дзяржава» і «Фронт ан-Нусра».

Пра тое, што Злучаныя Штаты і Расія дамовіліся аб плане спынення агню ў Сірыі, які павінен пачаць дзейнічаць у суботу, у гутарцы з Асашыэйтэд прэс паведамілі і амерыканскія высокапастаўленыя чыноўнікі.

Па іх словах, абодва бакі дамовіліся аб тэрмінах і ўмовах «спынення ваенных дзеянняў».

Згодна з умовамі перамір'я, паведамляе «Аль-Джазіра», усе ўдзельнікі баявых дзеянняў у Сірыі павінны падпісаць пагадненне аб спыненні агню да поўдня 26 лютага.

Агонь павінен быць спынены да паўночы наступнага дня. Мяркуецца, што перамір'е дазволіць наладзіць перамовы паміж сірыйскімі паўстанцамі і ўрадам Башара Асада.

Агенцтва Рэйтэр цытуе заходніх дыпламатаў, якія паведамілі, што спыненне агню не будзе тычыцца групоўкі «Ісламская дзяржава» і звязанага з «Аль-Каідай» «Фронту Аль-Нусра».

Аналітыкі, знаёмыя з сітуацыяй у рэгіёне, выказваюць скептыцызм наконт эфектыўнасці будучага перамір'я, улічваючы характар канфлікту і тое, што папярэдняя спроба абвясціць спыненне агню аказалася беспаспяховай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?