«Больш не будзе легенды Леха Валэнсы. Ён сыдзе ў мінулае, як таго заслужыў. 37% палякаў маюць дакладнае ўяўленне пра рэальную ролю Валэнсы і ролі ўсёй псеўдаэліты, што будавала сваю кар'еру на падмане», — так міністр абароны Польшчы Антоні Мацэрэвіч пракаментаваў сітуацыю вакол імавернага супрацоўніцтва Леха Валэнсы са спецслужбамі ПНР. 22 лютага дакументы па справе сакрэтнага супрацоўніка «Болека», падпісаныя Валэнсам, сталі даступныя ў архіве Інстытута нацыянальнай памяці.

«Гэта справа выразна адлюстроўвае сістэму, па якой стваралася сучасная Польшча, а гэтая сістэма заключалася ў шантажы пры дапамозе дакументаў. Такім чынам, цэлая група людзей ператварылася ў інструмент камуністычнага апарату, які дзякуючы ім ўмацоўваў сваю сілу і ўплыў», — кажа міністр Мацэрэвіч.

Кіраўнік Мінабароны адзначае, што выяўленне дакументаў пра агента «Болек» не прынесла яму пачуцці радасці ці гневу.

«Мне проста шкада, што былі згубленыя 24 гады. Польскі народ і польскае грамадства, а таксама міжнароднае меркаванне, фармаваліся ў падмане і махлярстве, датычным рэальнага супрацоўніцтва не толькі Валэнсы, але і многіх іншых людзей з элітаў таго часу. Шкада, што блакавалася люстрацыя і з-за гэтага не адбываліся грамадска-эканамічныя перамены. Мэта гэтых пераменаў — вярнуць з забыцця людзей, якіх псеўдаапазіцыя і псеўдабагацеі з камуністычнага апарату ператварылі ў адкіды грамадства», — адзначае міністр абароны.

Апазіцыянер часоў ПНР Мацэрэвіч сцвярджае, што «абаронцы Валэнсы выкарыстоўваюць яго як тады, як і цяпер, для рэалізацыі сваіх ўласных карыслівых інтарэсаў».

«Замест сапраўдных герояў Салідарнасці, такіх як Ганна Валентыновіч або Януш Альшэўскі, стваралася легенда людзей, якія зламаліся і пайшлі на супрацоўніцтва з камуністамі», - сцвярджае міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?