У Адміністрацыі прэзідэнта, спасылаючыся на службовую тайну, адмаўляюцца прадаставіць поўны спіс былых чыноўнікаў і кіраўнікоў, якія былі памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам і працаўладкаваны на кіруючыя пасады.

«Такое рашэнне (аб памілаванні) прэзідэнтам было прынята з улікам персанальнага падыходу да разгляду кожнай кандыдатуры, а таксама характару ўчыненага, — адзначана ў адказе на запыт БелаПАН. — Паколькі памілаванне ажыццёўлена ў выглядзе вызвалення ад адбыцця як асноўнага, так і дадатковага пакарання, якое прадугледжвае пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, далейшае працаўладкаванне памілаваных асоб, у тым ліку на кіруючыя пасады, не супярэчыць заканадаўству».

Без адказу Адміністрацыі прэзідэнта засталося і пытанне, як дадзенае рашэнне аб памілаванні ўзгадняецца з антыкарупцыйнай палітыкай дзяржавы.

Адказ на запыт падпісаў начальнік галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Уладзімір Пенін.

Пакуль вядома аб пяці былых чыноўніках і кіраўніках, якія былі асуджаны за карупцыйныя злачынствы, але вызвалены датэрмінова з наступным працаўладкаваннем на кіруючыя пасады.

Былы намеснік генеральнага пракурора Аляксандр Архіпаў, асуджаны 17 чэрвеня 2014 года на шэсць гадоў пазбаўлення волі за атрыманне хабару (ч. 3 арт. 430 КК) і перавышэнне службовых паўнамоцтваў (ч. 3 арт. 426), 26 студзеня 2016 года прызначаны дырэктарам РСУП «Пятровічы».

Былы старшыня Чашніцкага райвыканкама Уладзімір Булай, які абвінавачваўся ў злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі (ч. 3 арт. 424 КК), 16 студзеня 2016 года прызначаны дырэктарам ААТ «Кляновічы».

Былы намеснік старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Ігар Стасевіч, асуджаны 16 чэрвеня 2014 года на тры гады пазбаўлення волі за перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў (ч. 3 арт. 426 КК), 1 лютага 2016 года прызначаны дырэктарам Баранавіцкага камбіната надомнай працы.

Былы гендырэктар ААТ «Магілёўдрэў» Андрэй Усаў, асуджаны 1 ліпеня 2014 года на восем гадоў пазбаўлення волі за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі (ч. 2 арт. 424 КК), крадзеж маёмасці шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (ч. 3 арт. 210 КК), службовы падлог (ч. 2 арт. 427), 2 лютага 2016 года прызначаны выканаўчым дырэктарам па вытворчасці ААТ «Магілёўскі завод Строммаш».

Былы намеснік старшыні канцэрна «Белнафтахім» Уладзімір Волкаў, асуджаны 15 жніўня 2014 года за атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) на восем гадоў пазбаўлення волі, у лютым 2016 года быў вызвалены датэрмінова і прызначаны кіраўніком дырэкцыі аб'ектаў, якія будуюцца, Наваполацкага нафтаперапрацоўчага завода.

Аляксандр Архіпаў адразу пасля датэрміновага вызвалення адзначаў, што прэзідэнт даручыў скласці спіс асуджаных кіраўнікоў, каб даць ім новую працу.

Антыкрызісны кіраўнік ААТ «Магілёўскі завод Строммаш» Аляксандр Бондараў паведамляў СМІ, што Савет міністраў прапанаваў прызначыць Андрэя Усава на пасаду выканаўчага дырэктара прадпрыемства, папярэдне ўзгадніўшы гэтую прапанову з прэзідэнтам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0