Кіроўца джыпа ў Смалявіцкім раёне, уцякаючы ад экіпажа ДАІ, выкінуў з аўтамабіля 15 скрыняў гарэлкі, паведаміў начальнік прэс-службы УДАІ УУС Мінаблвыканкама Алег Цюрын.

«Падчас уцёкаў ад пераследу кіроўца хацеў пазбавіцца ад хмельнага грузу і выкінуў, як той казаў, на вецер у агульнай колькасці 15 скрыняў па 20 бутэлек у кожнай», — сказаў Алег Цюрын.

Інцыдэнт адбыўся ў ноч з 22 на 23 лютага. Спачатку ўвагу ДАІ прыцягнуў джып, які катаўся па палях паблізу трасы М1. Машына выехала на абочыну шашы і спынілася. Кіроўца пачаў нешта тлумачыць супрацоўнікам дарожнай міліцыі, а потым нечакана заблакаваў дзверы аўтамабіля і паехаў па трасе, затым павярнуў у поле.

Пасля папярэджанняў інспектары адкрылі агонь па колах джыпа, але пераследваць машыну па бездаражы не маглі. У выніку супрацоўнікі міліцыі прайшлі пешшу па слядах джыпа некалькі кіламетраў і знайшлі аўтамабіль. «Па шляху на зямлі валяліся скрыні і бутэлькі з гарэлкай расійскай вытворчасці. Аўтамабіль быў зачынены, кіроўцы на месцы не было», — растлумачылі ў ДАІ. Праз шкло джыпа было відаць, што ў салоне стіць яшчэ 7 скрыняў з бутэлькамі.

Неўзабаве кіроўца быў знойдзены і дастаўлены ў Смалявіцкі РАУС. Ім аказаўся мясцовы жыхар 1987 года нараджэння. Аўтамабіль з усім змесцівам дастаўлены на штрафпляцоўку. Праводзіцца праверка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?