Ёсць два спосабы закрыць мінскія двары для паркоўкі аўтамабіляў, заявіў на прэс-канферэнцыі 24 лютага галоўны інжынер ГА «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі» Пятро Пруднікаў, адказваючы на пытанне аб тэхнічных магчымасцях закрыцця двароў.

Нагадаем, пра планы сталічных уладаў па закрыцці двароў для паркоўкі транспарту паведаміў 4 лютага на прэс-канферэнцыі старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац. «У Мінску няма праблем з паркоўкамі, у Мінску ёсць праблема з паркоўкамі каля хат. І гэтую праблему мы ніколі не вырашым. Немагчыма пабудаваць паркоўкі ля кожнага пад'езда», — адзначыў Шорац. «Цяпер мы прапрацоўваем пытанне па ўвядзенні адказнасці за нявыплату за паркоўку. Паступова мы будзем пашыраць цэнтр горада — рабіць паркоўкі платнымі. І такім чынам мы паспрабуем прыбраць машыны з цэнтра. Паралельна будзем вырашаць, якім чынам закрыць двары для паркоўкі ў такой колькасці. Але гэта хутка не зробіш. Трэба вырашыць шмат прававых пытанняў. Але трэба яшчэ змяняць свядомасць, псіхалогію, а гэта хутка не атрымліваецца», — адзначыў кіраўнік гарвыканкама.

Паводле слоў Пруднікава, двары можна закрыць, усталяваўшы шлагбаўмы, альбо увёўшы плату за паркоўку. «Не ведаю, якім шляхам мы пойдзем, але вырашаць праблему трэба», — сказаў Пруднікаў.

Паводле яго слоў, тэхнічна вырашыць пытанне па вызначэнні, ці жыве чалавек у гэтым доме, проста. «Жыхар можа мець рэзідэнтныя адносіны. Напрыклад, ён будзе плаціць адзін гадавы плацеж — 100—200 тыс. рублёў і будзе ўнесены ў базу, усе астатнія пры паркоўцы ў двары будуць з'яўляцца парушальнікамі», — растлумачыў галоўны інжынер.

На яго думку, сённяшняе заканадаўства не дае магчымасці хутка вырашаць пытанне па ўстаноўцы шлагбаўмаў. «Ці будуеш ты хмарачос або шлагбаўм — набор дакументаў амаль аднолькавы. Мы прапануем разглядаць гэтыя пытанні ў спрошчаным парадку, але рашэння пакуль няма. Але, як паказвае вопыт таварыстваў уласнікаў, можна вырашаць і праблемы доступу, у тым ліку спецаўтамабіляў. Ёсць сістэмы, калі можна і з сотавага тэлефона адкрыць шлагбаўм. Неабходна прыняць рашэнне з пункту гледжання горадабудаўнічай палітыкі», — лічыць Пруднікаў.

Таксама ён паведаміў, што сёлета ў Мінску з`явіцца яшчэ адна плоскасная стаянка для аўтамабіляў на 179 месцаў у раёне вуліцы Чыгуначнай.

Паводле яго слоў, тут развіваецца жылая забудова мікрараёна Грушаўка, таму парковачных месцаў нестае.

Апрача таго, паведаміў Пруднікаў, раённым адміністрацыям далі даручэнне аб будаўніцтве аўтастаянак пры ўзвядзенні адміністрацыйных і гандлёвых аб`ектаў.

Разам з тым, зазначыў ён, згодна з леташнім маніторынгам, у паркінгах выкарыстоўваецца па прызначэнні толькі 50% месцаў. Астатнія займаюць аб'екты гандлю, забавы (картынг-клуб). «Быццам бы ёсць месцы, але яны не карыстаюцца попытам. Калі ёсць альтэрнатыва: платна або бясплатна, заўсёды выбар на карысць бясплатнай паркоўкі», — адзначыў спецыяліст.

Ён паведаміў, што з 2009 года ў Мінску было пабудавана 52 стаянкі, сёння ў падпарадкаванні аб'яднання знаходзіцца 106 на 27 тыс. месцаў. «Разам з тым не ўсе гэтыя месцы занятыя, пастаянна занята каля 4 тыс. месцаў. Дынаміка за мінулы год паказала: колькасць вольных месцаў павялічылася на 1 тыс. Гэта звязана з тым, што большасць аўтааматараў лічаць неабходным паркаваць аўтамабіль побач з пад`ездам, хоць стаянка знаходзіцца за некалькі прыпынкаў на грамадскім транспарце або нават у крокавай даступнасці», — адзначыў Пруднікаў.

Не выкарыстоўваюцца ў поўнай меры і перахапляльныя стаянкі. Яны ствараюцца для аўтаўладальнікаў, якія прыязджаюць у горад на асабістых аўтамабілях, але лічаць за лепшае перамяшчацца па ім на грамадскім транспарце. Тарыф для іх складае 500 рублёў за гадзіну. «У сярэднім усяго два чалавекі на тыдзень карыстаюцца такімі стаянкамі. Як паказалі апытанні, у асноўным гэта грамадзяне, якія дрэнна арыентуюцца ў Мінску, калі знаходзяцца за рулём», — зазначыў Пруднікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?