Афганскія ўлады атрымалі ў падарунак ад Расіі 10 тысяч аўтаматаў і мільёны патронаў, паведамляе Рэйтэр. Паводле дадзеных афганскіх СМІ, гаворка ідзе пра аўтаматы Калашнікава.

«Гэты падарунак сведчыць аб моцнай дружбе паміж дзвюма нацыямі», — заявіў дарадца прэзідэнта Афганістана па нацыянальнай бяспецы Ханіф Атмар.

Паводле яго слоў, аўтаматы і патроны прадастаўленыя ў адпаведнасці з расійска-афганскім пагадненнем па бяспецы.

Пасля пагаршэння адносінаў Масквы з Захадам расійскія чыноўнікі неаднаразова заяўлялі аб жаданні ўмацаваць сувязі з Афганістанам.

Летась таксама з'явіліся дадзеныя аб кантактах Расіі і руху «Талібан». У прыватнасці, спецпрадстаўнік прэзідэнта Расіі па Афганістане Замір Кабулаў паведамляў, што ў Масквы ёсць агульныя інтарэсы з талібамі ў плане барацьбы з «Ісламскай дзяржавай».

Таксама паведамлялася, што Расія гатовая абмяркоўваць паслабленне санкцый у дачыненні да «Талібана». Пры гэтым прадстаўнікі руху «Талібан» у Афганістане адмаўлялі, што праводзілі перамовы з Расіяй адносна процідзеяння «Ісламскай дзяржаве».

На пачатку лютага агенцтва Асашыэйтэд прэс паведамляла са спасылкай на крыніцы ў амерыканскай выведцы, што Расія пастаўляе зброю талібам і навучае іх. Таксама з'яўлялася інфармацыя аб сустрэчах прадстаўнікоў «Талібану» з расійскім кіраўніцтвам. Масква гэтыя паведамленні адпрэчвала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?