Прэм'ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў возьме ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, якое пройдзе 25 лютага ў Мінску, паведаміла прэс-служба расійскага ўрада.

Пасяджэнне ВДС з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна пройдзе ў Палацы Незалежнасці. Як паведамлялася раней, у парадак дня ўключана больш за дзясятак пытанняў па ўсім спектры дзейнасці Саюзнай дзяржавы, у тым ліку зацвярджэнне саюзнага бюджэту на 2016 год і абмеркаванне вынікаў рэалізацыі леташняга бюджэту. Удзельнікі пасяджэння ВДС таксама разгледзяць вынікі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з улікам усіх фактараў, якія ўплываюць на развіццё гэтай сферы дзейнасці, і знешнепалітычнага ўзаемадзеяння за два папярэднія гады. Плануецца прыняць праграму ўзаемадзеяння на наступныя два гады.

Правесці саюзны саміт у Мінску прапанаваў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы (СД) Рыгорам Рапотам 18 студзеня. Ён нагадаў пра сваю дамоўленасць з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным правесці пасяджэнне ВДС у першым квартале 2016 года. Лукашэнка таксама адзначыў, што трэба будзе актыўна папрацаваць, каб ажывіць працу ў Саюзнай дзяржаве.

Папярэдняе пасяджэнне ВДС адбылося 3 сакавіка 2015 года ў Маскве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0