Чаму беларуская армія можа навучыцца ва ўкраінскай, як змянілася ваенная дактрына Беларусі, ці рыхтуецца краіна да гібрыднай вайны, як міністр абароны праводзіць свой адпачынак — пра ўсё гэта ў інтэрв'ю тэлеканалу Беларусь-1 распавёў сам кіраўнік абароннага ведамства Андрэй Раўкоў.

naviny.by

naviny.by

Пра новую ваенную дактрыну

Па словах Андрэя Раўкова, выпрацоўка новай ваеннай дактрыны на змену рэдакцыі дакумента ад 2002 года Беларусі была неабходная, таму што сур'ёзна змянілася абстаноўка як у свеце, у еўрапейскім рэгіёне, так і ля нашых межаў.

— Многія дзяржавы ўжываюць спосабы вырашэння палітычных пытанняў з пункту гледжання расхіствання дзяржавы знутры. Спараджаючы ўнутраны ўзброены канфлікт, яны ўжываюць эканамічныя, палітычныя спосабы, потым ужо — нейкія дыверсійныя, тэрарыстычныя, ваенныя. Расхістваючы абстаноўку, яны дамагаюцца таго, што адбываецца змена палітычнай улады, перабудова дзяржавы. Гэта цяпер стала правілам у свеце.

Беларуская ваенная дактрына ў сувязі з гэтым была вельмі глыбока перапрацаваная. У прыватнасці, сярод этапаў ваеннага канфлікту быў вызначаны этап унутранага ўзброенага канфлікту.

— Адпаведна, былі вызначаныя тыя прэвентыўныя і непрэвентыўныя спосабы, меры, сілы і сродкі для таго, каб гэтыя рызыкі проста ліквідаваць.

Нязменнай ў дактрыне засталася міралюбная накіраванасць палітыкі Беларусі.

— Мы нікога не разглядаем у якасці праціўніка. Мы не хочам нічыёй зямлі, але мы і сваю зямлю не аддамо ні пядзі. Для гэтага мы будзем прымяняць усе сілы і сродкі, якія ў нас ёсць.

Пра сітуацыю ля межаў Беларусі і гібрыдную вайну

Па словах Раўкова, ваенная небяспека існуе заўсёды. Прыкладамі ён назваў размяшчэнне сіл і сродкаў НАТА паблізу межаў Беларусі, канфлікт ва Украіне.

— Але каб перарасці ў пагрозу, павінна быць канкрэтнае дзеяньне меркаваных або патэнцыйных праціўнікаў. Такіх дзеянняў пакуль няма. Казаць пра тое, што цяпер ёсць пагроза развязвання вайны, мы не можам.

Каментуючы з'яўленне тэрміна «гібрыдная вайна», міністр абароны адзначыў, што гэта сутнасць усіх войнаў, якія вядуцца ў апошнія 10—15 гадоў.

— Яны пачаліся яшчэ ў 90-х гадах. Затым у міністэрстве абароны ЗША ў 2007 годзе Фрэнк Хофман выдаў працу «Канфлікты 21 стагоддзя. Сутнасць гібрыднай вайны». У ходзе вядзення ваенных дзеянняў прымяняюцца формы і спосабы, сілы і сродкі, не толькі класічныя (кадравая армія, штатныя сілы і сродкі), але і такія, як тэрарызм, дыверсійныя дзеянні, партызанская вайна, прымяненне высокадакладнай зброі без сухапутных груповак.

Беларускае войска, паводле яго слоў, даўно працуе над гэтым пытаннем. Так, былі створаныя сілы спецыяльных аперацый, удасканальваецца сістэма тэрытарыяльнай абароны.

— Акрамя таго, мы вельмі актыўна вывучаем той досвед, якія атрымліваюць узброеныя сілы Украіны на тэрыторыі сваёй краіны.

Урок Украіны: кантрактная армія пакуль не патрэбна

Казаць пра пераход на кантрактную армію ў Беларусі заўчасна і некарэктна, перакананы Раўкоў.

— Трэба проста паглядзець на тыя дзяржавы, дзе пачалася вайна. Далёка хадзіць не трэба, узяць Украіну. Яны на працягу некалькіх гадоў пазіцыянавалі пераход ад войска па прызыве да кантрактнай арміі. Як толькі нешта пачалося, а ў іх пачалося сапраўды, яны перайшлі на прызыў, на тэрміновую службу. Ад гэтага нікуды не сысці.

Па словах міністра, тэрміновая служба ў дзяржаве з невялікім насельніцтвам дазваляе ў самыя кароткія тэрміны падрыхтаваць мабілізацыйны запас.

— Мы не адмаўляемся ад таго, што нам неабходна павялічваць кантрактны складнік. Але мы не гонімся за колькасцю, мы гонімся за якасцю.

Кажучы аб фінансаванні арміі, Раўкоў адзначыў, што стандарт у НАТА — вылучэнне на ваенныя патрэбы 2% бюджэту. У Беларусі гэтая лічба крыху перавышае 1%.

— Але трэба разумець, што мы жывём у складанай эканамічнай абстаноўцы, ва ўмовах татальнай эканоміі. Тыя выдаткі, якія дзяржава дае на ўзброеныя сілы, ідуць на тыя напрамкі, якія будуць даваць ці даюць стратэгічны эфект для абараназдольнасці краіны.

Пра альтэрнатыўную службу і дзедаўшчыну

Раўкоў нагадаў, што летась быў прыняты закон аб альтэрнатыўнай службе, які прадугледжвае ўвядзенне з 1 ліпеня 2016 года гэтага інстытута ў Беларусі.

— Альтэрнатыўная служба ні ў якой меры не звязаная з узброенымі сіламі. Пытаннямі забеспячэння людзей, якія будуць праходзіць альтэрнатыўную службу, будзе займацца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Па словах Раўкова, Мінпрацы будзе вызначаць тыя напрамкі грамадска-карыснай дзейнасці, якімі зоймуцца гэтыя людзі.

— Тыя людзі, якія будуць імкнуцца да альтэрнатыўнай службы, гэта іх выбар. Маё стаўленне да гэтага, вядома, адмоўнае.

Міністр лічыць, што дзедаўшчына — гэта «перанос адносін паміж маладымі людзьмі з грамадзянкі ў войска». «Ад гэтага нікуды не дзенешся. Мы выкарчоўваем гэтую ганебную рэч. Але тых мер, якія мы прымаем, недастаткова», — дадаў Раўкоў. На пытанне, як часта яму дакладваюць пра выпадкі дзедаўшчыны, міністр адказаў: «Заўсёды».

Пра асабісты і 23 лютага

На пытанне, ці павінен кожны мужчына служыць у войску, Раўкоў адказаў:

— Як міністр абароны, я павінен сказаць, што кожны мужчына павінен служыць у войску. Вядома, у кожнага свой лёс, сваё жыццё, розныя форс-мажорныя абставіны. Але тое, што большасць маладых людзей павінны служыць у войску, бясспрэчна. Яны становяцца мужчынамі, якія здольныя на мужчынскія ўчынкі, здольныя радзіму абараняць. А свая радзіма — гэта, у тым ліку, і дзяўчына, і маці, і бацька, і дзеці ў будучыні.

Пры гэтым ён не пагадзіўся, што 23 лютага — свята толькі мужчын: «І ў войску служаць жанчыны, і ў забяспечвальных структурах служаць жанчыны».

Па словах Раўкова, праца міністра абароны паўплывала на яго зносіны з сябрамі і сям'ёй. Цяпер на гэта стала менш часу. Разам з тым, міністр адзначыў, што яму ніколі не хацелася кінуць службу, нават падчас развалу СССР.

— Я, шчыра кажучы, са страхам і шкадаваннем глядзеў на тых афіцэраў, якія сыходзілі з беларускага войска ва Украіну, ў Расію, у іншыя рэспублікі Савецкага саюза. Было крыху не па сабе.

На пытанне аб тым, як ён праводзіць адпачынак, міністр распавёў, што гэта магчымасць пабыць з сям'ёй, выспацца і дапамагчы родным, калі неабходна. «У адпачынку не атрымліваецца адарвацца ад усіх спраў, якія ідуць у войску», — расказаў міністр. Сваім хобі ён назваў чытанне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?