Служба бяспекі Украіны выправадзіла за межы краіны расейскую журналістку Марыю Сталярову, якая працавала на ўкраінскім тэлеканале «Інтэр». Пра гэта паведаміла прэс-сакратар Службы бяспекі Алена Гітлянская у сваім фэйсбуку.
obozrevatel.com
Сталярова аказалася ў цэнтры скандалу пасля таго, як падчас сюжэту, прысвечанага загінулым на Майдане людзям, з матам перапыніла дыялог карэспандэнта са сваякамі забітых актывістаў.
Па словах Гітлянскай, перад высылкай з краіны са Сталяровай правялі следчыя дзеянні. Акрамя фразы ў эфіры спецслужбы зацікавілі яе візіты ў зону ўзброенага канфлікту ў Данбасе ў 2014 годзе.
Па выніках допыту СБУ вырашыла скараціць Сталяровай дазволены тэрмін знаходжання ва Украіне за дзеянні, якія наносяць шкоду інтарэсам краіны. Акрамя таго, уезд на тэрыторыю Украіны ёй забаронены на наступныя пяць гадоў.
Фраза Сталяровай абурыла многіх жыхароў Украіны. Яна пасля патлумачыла, што словы адрасаваліся не карэспандэнту, а камандзе ў студыі. Аднак многія ёй не паверылі.
У прыватнасці, дарадца кіраўніка МУС Украіны Зоран Шкірак апублікаваў фатаграфію журналісткі сярод узброеных баевікоў «ДНР».
Акрамя таго, блогеры высветлілі, што да працаўладкавання ва Украіне журналістка працавала на расійскім тэлеканале РЕН, асуджала тое, што адбываецца на Майдане і падтрымлівала анексію Крыма.