16 красавіка а 10-й раніцы ў этэры прагучаў сумесны праект Польскага радыё зь беларускімі партнэрамі. Вялі перадачу сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч і журналіст беларускай рэдакцыі польскага радыё Валера Саўко.

В. Саўко: Перадача выйшла ў менскім эфіры роўна а 10‑й раніцы. Цягам гадзіны этэру мы распавялі пра польскую культуру, беларуска‑польскае культурнае супрацоўніцтва, а таксама пра беларускія мерапрыемствы, якія адбываюцца ў Польшчы. Падрабязна пра імпрэзы, арганізаваныя ў Менску ды іншых гарадах Беларусі Польскім інстытутам, распавёў каардынатар праектаў згаданай установы Аляксей Мацюшонак.

Слухачы таксама мелі магчымасьць выйграць падарункі ад Польскага радыё — для гэтага трэба было проста адказаць на няцяжкае пытаньне. А тэлефанаваньняў было шмат — на радыё нават пазванілі з тэлефоннай станцыі й паведамілі, што апаратура пачала даваць збоі! А яшчэ было шмат польскай сучаснай музыкі — слухачам яна вельмі спадабалася. Пасьля перадачы яны тэлефанавалі й спрабавалі даведацца, дзе можна набыць дыскі. Адным словам, было прыемна, момантамі весела й напэўна карысна.

«Аўтарадыё» вядомае сваім незвычайным фарматам — 20 хвілін. Кожную траціну гадзіны стыль і фармат музыкі мяняюцца. Вялікая ўвага надаецца й беларускай музыцы, у тым ліку незалежным выканаўцам, якімі почасту грэбуюць на іншых станцыях. Слухачам добра вядомыя беларускамоўныя перадачы «Каля року» — куды на нязмушаную размову запрашаюцца беларускія рок-музыкі, ды «Простыя словы» — праграма па заяўках, выконвае якія Зьміцер Вайцюшкевіч.

З выкарыстаньнем матэрыялаў Польскага радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0