Настаяцель маскоўскага праваслаўнага храма Архімандрыт Мелхісэдэк (Павел Арцюхін) распавёў пастве, што папа Францішак хоча і «вярнуцца ва ўлонне святой праваслаўнай царквы і прынесці пакаянне за тое, што не захаваў чысціню праваслаўя і жыццё па праваслаўнай веры на Захадзе». Па словах святара, «пра гэта прайшлі добрыя чуткі».

Відэа з пропаведдзю настаяцеля Храма Прасвятой Багародзіцы ў Ясеневе апублікавала інтэрнэт-выданне «Остров». Святар распавядае парафіянам пра тое, што на Захадзе былі легалізаваныя эўтаназія, аднаполыя шлюбы і гей-парады. «На Захадзе была легалізаваная ў свой час эўтаназія, гэта значыць медычнае забойства чалавека, — калі ён хоча сысці з жыцця з дапамогай лекараў. Былі легалізаваныя аднаполыя шлюбы, былі легалізаваныя гей-парады, зачыняюцца храмы і цэрквы ў Еўропе, а ў краінах праваслаўя і асабліва ў Расіі храмы, наадварот, адкрываюцца ў бясконцай колькасці», — заявіў ён.

На думку Мелхісэдэка, знакам таго, што папа збіраецца прыняць праваслаўе, з'яўляецца тое, што падчас сустрэчы папы і Патрыярха Кірыла ў аэрапорце Гаваны «у аэрапорце, ззаду (на сцяне) было не каталіцкае распяцце, скульптурнае, разьбяное, або з каменя, а было наша, старажытнае распяцце XVII стагоддзя».

Архімандрыт Мелхісэдэк таксама з'яўляецца прэс-сакратаром Сінадальнага аддзела па манастырах і манастве РПЦ.

Былы старшыня Сінадальнага аддзела па ўзаемаадносінах Царквы і грамадства РПЦ Усевалад Чаплін выказаў меркаванне, што настаяцель спрабаваў такім чынам супакоіць паству, якая выказвае заклапочанасць і занепакоенасць сустрэчай патрыярха і папы. Па словах Чапліна, для многіх праваслаўных хрысціян, праўдзівай царквой можа быць толькі праваслаўная царква, а дзвюх цэркваў — Праваслаўнай і Каталіцкай — быць не можа.

«Людзі лічаць, што сёння захоўваюць актуальнасць словы старажытных святых, якія называлі каталіцтва ерассю. Для многіх людзей гэтыя словы — такая ж норма веры, як і святое пісанне», — растлумачыў Чаплін. Ён упэўнены, што практычна палова праваслаўных хрысціян ставяцца крытычна да мінулай сустрэчы папы і патрыярха.

Сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расіі монсіньёр Ігар Кавалеўскі адмовіўся каментаваць выступ Мелхісэдэка, заявіўшы, што не можа каментаваць асобныя думкі праваслаўных святароў.

Ад каментароў адмовіліся і ў Сінадальным аддзеле па ўзаемаадносінах Царквы з грамадствам і СМІ. Кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення аддзела Вахтанг Кіпшыдзэ заявіў: «Чуткі не каментуем».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?