На гэтым фота — разліковы лісток ААТ «Залатая падкова» (Глыбоцкі раён) за лістапад 2015 года. За месяц працы заплацілі 408.000 рублёў, або каля 20 даляраў.

На гэтым фота — разліковы лісток ААТ «Залатая падкова» (Глыбоцкі раён) за лістапад 2015 года. За месяц працы заплацілі 408.000 рублёў, або каля 20 даляраў.

З розных месцаў Віцебскай вобласці даходзяць весткі, што прадпрыемствы сельскай гаспадаркі моцна затрымліваюць выплату заробкаў. На двары канец лютага, а многія гаспадаркі не разлічыліся з работнікамі яшчэ за лістапад. Самі заробкі ўпалі нашмат ніжэй за афіцыйна ўстаноўленую мінімальную зарплату, іх часткова выдаюць прадуктамі або чэкамі на набыццё тавараў у сетцы Белкаапсаюза.

Праз сацыяльныя сеткі мы сабралі сведчанні пра нявыплату заробкаў у больш як дзясятку гаспадарак у Глыбоцкім і Докшыцкім раёнах. Весткі пра затрымку заробкаў і іх выплату прадуктамі даходзілі і з Мёрскага раёна, і з Шаркаўшчынскага, і з Браслаўскага. Выглядае, што такая сітуацыя склалася ў большасці аграпрадпрыемстваў Паазер’я, і закранула дзясяткі тысяч людзей.

«У ААТ «Залатая падкова» (вёска Бабічы [Глыбоцкі раён]) перад Новым годам кіраўніцтва атрымала па 500.000 рублёў, рабочыя — па 200.000 — 300.000».

«У КУГСП «Докшыцкі» [Крулеўшчына, Докшыцкі раён] нядаўна выплацілі 70% заробку за кастрычнік. Дырэктар кажа работнікам, што раён не дае грошай. Амаль у кожным калгасе такая сітуацыя».

«ААТ «Залатая падкова». У даяркі заробак 700.000, выплочваюць 500.000. Апошні заробак я атрымала за лістапад. Электрычнасці на рабоце няма [адключылі за нявыплату?]. Адносіны кіраўнікоў да падначаленых – жахлівыя».

«У ААТ «Сельцы» [Глыбоцкі раён] заробак складае 500.000 — 800.000 рублёў. На 200 тысяч выдаецца прадукцыяй».

У студзені ў сацыяльных сетках было апублікавана фота разліковага лістка. Паводле таго, хто публікаваў, гэта – заробак супрацоўніка ААТ «Залатая падкова» за лістапад 2015 года. За працу, пагадзінна і здзельна, за стаж і за выходныя і святы налічана 696.294 рублёў. Але ў наступным радку чытаем: «Знята з-за адсутнасці выручкі» – 283.955 рублёў. Яшчэ 4.413 рублі аднялі на іншыя патрэбы. «Да выдачы на рукі» засталося ўсяго 407.926 рублёў.

«У СВК «Стрынадкі» [Глыбоцкі раён] не выплацілі 70% працэнтаў заробка за ліпень і 100% за жнівень. Кожны месяц трэба выбіраць у магазіне Белкаапсаюза тавары на 30% заробку. Нядаўна далі заробак за лістапад. На мясакамбінаце ў Глыбокім загадваюць выбіраць у крамах Белкаапсаюза і ў краме прадпрыемства на 30% заробку. Калі не выбраў гэтую суму, то даюць тушонку на рэшту сумы».

«Сваякі жывуць у Стрынадках, Падсвільскі сельсавет. Там таксама не цалкам выдаюць заробак. Даюць па 20 працэнтаў. Далі «працэнты» за снежань і прадукцыю. І па 100.000 на магазін. За лета зусім «скруцілі» грошы… Спадзяюся, маё імя нідзе не ўсплыве».

«У ААТ «Глыбоцкі аграсервіс», дзе я працую, на сёння не выплачаны заробак за снежань. Працоўнае месца стала ўсяго толькі ўмоўнасцю, за якую многія трымаюцца».

У ААТ «Таргуны» [Докшыцкі раён] людзі чакаюць заробак за снежань. Я чуў, што ў іншых калгасах затрымкі большыя, чым у нас».

«Сітцы [ААТ «АграСітцы», Докшыцкі раён] — гэта нешта. За кастрычнік каму далі заробак, каму не далі, каму на краму пералічылі. Там безнадзейнасць».

«Людзі ў роспачы. Бачыў, як плакалі жанчыны, бо грошай няма. На Новы Год далі кожнаму па торце — і ўсё. Бухгалтары напісалі заявы на звальненне. Не падпісалі ім. Кіраўнік прыгразіў: хто звольніцца, не дазволяць нідзе больш уладкавацца», — піша яшчэ адзін жыхар вёскі Сітцы.

Нам паведамляюць таксама пра затрымку заробкаў у КУГСП «За Радзіму» (Удзела, Глыбоцкі раён), ДП «Азярцы» (Глыбоцкі раён), філіяле «Прошкава» ААТ «Глыбоцкі райаграсэрвіс», ААТ «Барсучанка» (Докшыцкі раён) у гаспадарках Браслаўскага, Шаркаўшчынскага раёнаў.

21 студзеня на прамую лінію намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзіміра Белавусава тэлефанаваў работнік фермы з Докшыцкага раёна і распавёў, што жыве без заробку з кастрычніка. Гэтаксама скардзілася, што не атрымала заробку за кастрычнік, работніца фермы, маці траіх дзяцей з Мёрскага раёна.

Інфармацыйная агенцыя БелТА паведаміла, што гэтыя пытанні «ўзятыя на кантроль». Месяц кантролю прайшоў, але сітуацыя з заробкамі ў аграпрадпрыемствах не змянілася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?