Чытач сайта charter97.org даслаў у рэдакцыю дакумент, якім віцебскі канцэрн «Мясамалочныя прадукты» абавязаў Полацкі малочны камбінат выплачваць не менш за 30% заробку работнікам сваёй прадукцыяй.

«Выплачваць заробак у 2016 годзе натуральнай аплатай (змешаная форма аплаты) у суме не менш за 30% ад налічанага фонду заробку», — сказана ў дакуменце.

Асаблівага выбару ў полацкіх работнікаў мясцовай «малочкі» не будзе — дакумент носіць загадны характар, і пераход на натуральную форму аплаты працы прапішуць у кантрактах з работнікамі.

Намеснік дырэктара ААТ «Полацкі малочны камбінат» Віктар Генец пацвердзіў, што неўзабаве работнікам прымусова давядзецца пакідаць траціну заробку ў фірмовай краме завода. Праўда, сам ён нічога дрэннага ў гэтай навіне не бачыць і нават рады, што «не давядзецца хадзіць у іншыя крамы».

«Не разумею, што ў гэтым дрэннага? Захацеў нешта купіць — пайшоў у нашу краму затаварыўся. Не трэба будзе ў іншыя крамы ездзіць, шукаць нешта. Усё сваё, усё выдатнай якасці. Пра якую дыскрымінацыю можа быць гаворка?» — здзіўляецца намеснік дырэктара.

Дакумент прапісвае яшчэ адну навіну не на карысць работнікаў. Заробак ім цяпер будуць выдаваць у апошні дзень месяца, што ідзе за разліковым месяцам. Так, напрыклад, заробак за люты работнікі ўбачаць толькі ў самым канцы сакавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?