У Мінску 27 лютага ўшанавалі памяць расійскага палітыка Барыса Нямцова, забітага год таму ў цэнтры Масквы. Ініцыявалі памінальную акцыю ў Мінску актывісты Аб'яднанай грамадзянскай партыі, якія прапанавалі неабыякавым беларусам прыйсці ў суботу днём да пасольства Расіі.

Па словах лідара АГП Анатоля Лябедзькі, да прызначанага часу ушанаваць памяць Нямцова каля расійскага дыппрадстаўніцтва сабралася прыкладна паўтара дзясятка чалавек, у асноўным актывісты АГП, але былі прадстаўнікі і іншых дэмакратычных сіл, напрыклад «Еўрапейскай Беларусі».

«Мы паставілі каляровы партрэт Барыса Нямцова, паклалі кветкі, запалілі свечкі, гаварылі пра яго. Я пастараўся падабраць нейкія сардэчныя, небанальныя словы», — расказаў Лябедзька.

«На жаль, пакуль у Мінску няма нейкага памятнага месца, звязанага з Барысам Нямцовым. Спадзяюся, што калі-небудзь у Мінску з'явіцца і вуліца імя Барыса Нямцова. Ну, а пакуль выбрана пасольства, таму што гэта ўсё-такі нейкі сімвал краіны, у якой нарадзіўся, вырас, жыў і загінуў Барыс Нямцоў», — адзначыў Лябедзька.

Паводле яго слоў, памінальная акцыя праходзіла ў прысутнасці асоб у цывільным, якія назіралі за тым, што адбываецца, і здымалі на відэакамеру.

«Мы сыходзілі, а людзі працягвалі прыходзіць і класці кветкі. Так што, я думаю, мы сваім заклікам проста далі старт і людзі яшчэ на працягу дня знойдуць магчымасць падысці і ўшанаваць памяць Нямцова», — адзначыў лідар АГП.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?