Пэрыяд, пражыты Пуціным ва Ўсходняй Нямеччыне, зрабіў вызначальны ўплыў на фармаваньне ягоных ідэалаў. У ГДР, як вядома, дзейнічала шматпартыйная сыстэма.

Чым меней часу застаецца да інаўгурацыі новага прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева, тым меней сумневаў застаецца адносна вырашальнай ролі, якую будзе адыгрываць Уладзімір Пуцін у будучай канфігурацыі расейскай улады. Аднак пры гэтым палітолягі працягваюць зацята спрачацца. Ці застанецца ў руках Пуціна і сілавікоў уся паўната ўлады пры чыста дэкаратыўных ролях прэзыдэнта і парлямэнту? Ці празь некаторы час узьнікне сытуацыя дзьвюхуладзьдзя, якая прывядзе да зацятай барацьбы розных кланаў і груповак паміж сабой з усімі магчымымі наступствамі для дзяржавы?

«Трабант» і шматпартыйная сыстэма

І што ўвогуле ставіць на мэце Пуцін, якой бачыць ён палітычную будову Расеі? А як зьбіраецца будаваць далейшыя стасункі з суседзямі, у тым ліку найбліжэйшымі?

У славутым «пляне Пуціна», які выклікаў шмат іранічных водгукаў, на гэтае пытаньне, канечне, адказу няма.

Адказ можа ляжаць у… біяграфіі расейскага кіраўніка. Адзін з найбольш дасьціпных варыянтаў прагучаў нядаўна на расейскай службе радыё «Свабода». (Падобныя варыянты, праўда, выказваліся раней у розных блогах у Рунэце). Маладыя гады, пасьля школы КГБ, Пуцін правёў, як вядома, у ГДР, дзе да заканчэньня 1980‑х курыраваў паводзіны нямецкіх студэнтаў, займаючы пасаду дырэктара Дрэздэнскага дому савецка‑нямецкай дружбы. Пра ягоныя посьпехі (ці пра адсутнасьць такіх) у рэзыдэнтуры ці ў вэрбоўцы агентаў вядома мала. Але ня ў гэтым сутнасьць.

Той пэрыяд, пражыты Пуціным ва Ўсходняй Нямеччыне, безумоўна зрабіў вялікі ўплыў на фармаваньне ягоных палітычных поглядаў і ідэалаў. У ГДР, як вядома, згодна з канстытуцыяй гэтай дзяржавы, дзейнічала шматпартыйная сыстэма. Акрамя Сацыялістычнай адзінай партыі Германіі (САПГ), існавалі яшчэ Нацыянальна‑дэмакратычная партыя і Хрысьціянскі дэмакратычны саюз. Але галоўную ролю ў жыцьці Ўсходняй Нямеччыны адыгрывала, зразумела, САПГ (ня горш за «Адзіную Расею» сёньня!) на чале зь першым сакратаром партыі Эрыхам Хонэкерам. Тым самым, чый страсны пацалунак з Брэжневым на фота прызнаны адным з знакаў тае эпохі.

Яшчэ большую ролю, чым сацыялістычная партыя, у ГДР адыгрывала Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі, ці, у скароце, «Штазі». (Ад ням. Ministerium fьr Staatssicherheit). Са «Штазі» супрацоўнічалі каля 300 тысяч чалавек — прыблізна адзін з кожных пяцідзесяці ўсходніх немцаў. Вядома, «Штазі» наводзілі жах ня толькі на саміх немцаў, але на ўвесь сьвет, разам з КГБ СССР, праводзячы сакрэтныя апэрацыі, у тым ліку за межамі ГДР.

(Нядаўні фільм нямецкага рэжысёра Флярыяна фон Донэрсмарка «Жыцьцё іншых», прысьвечаны «Штазі», у якім адлюстраваная паранаідальная атмасфэра страху, выклікаў надзвычайны эмацыйны водгук ня толькі ва ўсходніх землях Нямеччыны, але ў Беларусі і ў Расеі.)

Разам з тым, у параўнаньні з Савецкім Саюзам, у ГДР жылося адносна няблага. Дзякуючы пастаўкам таннай савецкай нафты і крыху больш высокай прадукцыйнасьці працы, чымся ў савецкіх рэспубліках, там быў і больш высокі ўзровень жыцьця. Паездка ў ГДР, дзе можна было затарыцца шмоткамі і таннай парцалянай, лічылася ў Савецкім Саюзе падарункам лёсу. І гэтым падарункам ахвотна, на шырокую нагу, карысталіся ў ГСВГ.

Усходнія немцы любілі і мелі магчымасьць смачна паесьці, у многіх быў шанец набыць кватэру, танны аўтамабіль «Трабант», паглядзець жаночы кардэбалет «Фрыдрыхштатпалас» на гэдээраўскім тэлебачаньні. Створаныя для таго, каб адцягнуць увагу тагачаснага гледача ад тэлеканалаў ФРГ, паводле свайго ўзроўню, асабліва ўзроўню «гумару» і навязьлівасьці прапаганды, тыя перадачы вельмі нагадваюць цяперашнія праграмы, што спрэс займаюць расейскі і беларускі тэлеэтэр.

У чым іх крыўда?

Быў і яшчэ адзін складнік, які варта ўлічваць. Гэдээраўская прапаганда была поўная своесаблівага патрыятызму. Пры ўсёй непрыхаванай чорнай зайздрасьці да ўзроўню жыцьця, якога дасягнулі заходнія немцы, кіраўніцтва ГДР хвалілася тым, што толькі ўсходнія немцы дасягнулі сапраўднага росквіту духоўнае культуры, да якой Захаду, маўляў, не дацягнуцца.

Тым ня менш, тэма падзелу Нямеччыны заўсёды прысутнічала ў масавай сьвядомасьці грамадзянаў ГДР. Яны ня проста імкнуліся да аб’яднаньня з заходнімі братамі. Іх абражала несправядлівасьць гэтага падзелу. Чаму ўсё найлепшае — найлепшыя землі, найлепшыя прадпрыемствы, найлепшыя аўтамабілі і наагул усё найлепшае засталося ў Заходняй Нямеччыне? Тое, што пры ўсіх выгодах і дапамозе ЗША заходні немец працаваў у некалькі разоў больш і эфэктыўней, чым «осі» — такая думка ім не прыходзіла да галавы. Больш за тое, нават пасьля аб’яднаньня крыўда на заходнікаў, у тым ліку і «вэсі», засталася.

Ёсьць таксама нейкая, неўсьвядомленая да канца, крыўда былых савецкіх людзей, найперш — расейцаў, на Захад. За вынікі Другой усясьветнай вайны. Перамог у вайне расейскі народ (паводле словаў Сталіна). Пераможныя савецкія войскі ўзялі Бэрлін, захапілі паў‑Эўропы, усталявалі на сваіх штыках сацыялізм у многіх краінах, зрабілі іх сатэлітамі. А Заходняя Нямеччына жыла й жыве так, быццам гэта яна перамагла ў вайне. Прычым, разам зь яе зацятымі ворагамі, былымі хаўрусьнікамі СССР — ЗША і Англіяй.

Крыўду перажываў нямецкі народ пасьля паразы ў Першай усясьветнай вайне. «Вэрсальскі мір» стаў для яго шокам, бо кайзэр і нямецкія генэралы нічога не казалі пра нечуваныя людзкія ды матэрыяльныя страты. Многім немцам здавалася, што Нямеччына перамагае на Заходнім фронце (ня кажучы пра Ўсходні), што засталося зусім крыху да перамогі над брытанцамі й французамі. Але ж нямцекае войска на той момант было дэмаралізаванае і абяскроўленае… Падпісаньне прыніжальнага для Нямеччыны міру ў Вэрсалі бальшыня немцаў палічыла вынікам… здрады сваіх палітыкаў і ўсясьветнай змовы іншых дзяржаваў. А потым у краіне пачалася гіпэрінфляцыя, беспрацоўе, адстаўка за адстаўкай урадаў. Асабліва балюча ўдарыў па Вэймарскай рэспубліцы ўсясьветны эканамічны крызіс 1929 году. Праз чатыры гады, калі да ўлады прыйшоў Гітлер, многія спрактыкаваныя палітыкі прадказвалі, што ягоны ўрад таксама хутка ўпадзе…

Празь семдзесят з гакам гадоў многія савецкія грамадзяне, у тым ліку палітыкі, будуць шакаваныя абсалютна нечаканым і невытлумачальным распадам СССР. І будуць прыпісваць гэта ўсясьветнай «закулісе» ды «здрадзе» кіраўнікоў КПСС. Сярод шакаваных грамадзянаў быў і Ўладзімір Пуцін, які пазьней назаве Белавескія пагадненьні «найвялікшай геапалітычнай катастрофай у гісторыі ХХ стагодзьдзя». А Віскулі, трэба думаць, сталі ў сьвядомасьці многіх расейцаў чымсьці накшталт «Вэрсалю» для немцаў.

Хоць менавіта «здраднікам» Ельцыну, Краўчуку і Шушкевічу абавязаныя сваёй сувэрэннай уладай і Лукашэнка, і Пуцін. (З Кучмам адбылася зусім іншая гісторыя.)

Безумоўна, мы ня можам ведаць, што канкрэтна маёр КГБ Пуцін думаў пра ГДР альбо пра Нямеччыну ўвогуле. Ня ведаем, як ён успрыняў яе ўзьяднаньне ў 1990 годзе. Напэўна, без захпаленьня. Тым больш, што гэта азначала хуткае завяршэньне ягонай без таго небліскучай кар’еры ў савецкай выведцы.

«Ты ж савецкі…»

Але нейкі вонкавы пасыл — кшталту таго, што ня ўсё ў гісторыі можна лічыць незваротным — ён мог тады атрымаць. Фэдэратыўная Рэспубліка Нямеччына — гэта, зразумела, ня колішняя нямецкая імпэрыя. І нават зусім ня блізкая паводле свайго палітычнага ладу да Расейскай Фэдэрацыі. Але падобна таму, як Беларусь, дзякуючы Лукашэнку, застаецца для многіх духоўным аскабалкам былой савецкай імпэрыі, гэтак колішняя ГДР, у выглядзе нейкага гістарычнага парадоксу, атрымала шанец прывіднага працягу сваёй гісторыі, дзякуючы Пуціну. Як бы Пётра І наадварот: той спрабаваў цягнуць Расею «праз акно» ў цывілізаваную Эўропу, цяперашні кіраўнік прагне ўцягнуць у сучасную Расею спадчыну нямецкага сацыялізму на расейскі ўзор — з карупцыяй і беспакаранасьцю тых, хто пры ўладзе.

Зразумела, што Пуціну і новай расейскай «эліце» ненавісная сама думка аб тым, што Ўкраіна цалкам дэмакратычным шляхам можа прыйсьці да таго, чым стала ня толькі сучасная Польшча, але й сучасная Нямеччына. Сама, без дапамогі Масквы, і нават насуперак ёй!

І тая ж самая эліта мае вялікую надзею, нават ніколькі не сумняецца, што Беларусь стане часткай адроджанай вялікай Расеі, якую паважаюць ва ўсім сьвеце. Ці хоць бы баяцца, як баяліся ў Заходняй Эўропе СССР і ГДР.

Бясплённыя мары, ілюзіі? На жаль, тыя ілюзіі ўзмоцнена падаграе Лукашэнка ў Беларусі, увесь час пасылаючы сыгналы імпэрскай Маскве: «Я свой, не забудзьцеся на мяне! Глядзіце, як я выгнаў амэрыканскіх дыпляматаў». А ў адказ, як той герой‑футбаліст з песьні Галіча, чуе: «Ты ж советский, ты же чистый, как кристалл! Начал делать, так уж делай, чтоб не встал!» І робіць. Пад сьвіст і радаснае галёканьне публікі.

Удзельнікі круглага стала на сайце nmnby.org (ён быў перадрукаваны на сайце nn.by) знайшлі вызначэньне цяперашняй палітычнай сыстэмы ў Беларусі: «шантажысцкі рэжым». І нават знайшлі прыкметы прагрэсу гэтага рэжыму: калі раней заходніх паслоў выганялі цэлымі паселішчамі, як гэта было ў Драздах, дык цяпер зачапілі адно толькі пасольства ЗША. Рэжым, так бы мовіць, вучыцца на сваіх памылках. Вучыцца «гандляваць» — амаль што паводле запаветаў Леніна. Прычым прадметам гандлю становяцца ня толькі лёсы палітвязьняў, але і дзяржаўны сувэрэнітэт.

Бясконца рабіць выгляд, што ты нешта дасі моцнаму спаборніку, заціскаючы ў руцэ «ласунак» — саюзную дзяржаву (вобраз, падказаны ўспамінам Пуціна пра цукерку ў потным кулачку), немагчыма. Дый небясьпечна. Сабаку можна дражніць да пары — пакуль ён сыты…

Адзін з удзельнікаў вышэйзгаданай дыскусіі кажа, што размовы апазыцыі пра магчымую страту сувэрэнітэту Беларусі выклікаюць у яго ідыясынкразію. Ён пагаджаецца з заявамі Лукашэнкі пра тое, што Расея сваімі дзеяньнямі ўмацоўвае беларускі сувэрэнітэт. Але ці азначае гэта, што ён нагэтулькі ўжо ўмацаваўся, што ніякай пагрозы насамрэч не існуе?

Чамусьці ўспомніўся мульцік. Не, не з тае сэрыі мультфільмаў у інтэрнэце, што нібыта дыскрэдытуюць кіраўніка дзяржавы, але зусім зь іншага часу. У 1933 годзе выйшаў на экраны ЗША фільм Ўолта Дыснэя «Тры парсючкі». Дыснэя некаторыя біёграфы абвінавачваюць у сымпатыях да Гітлера і антысэмітызьме. (Хоць Гітлер ненавідзеў ягонага Мікі‑Маўса.) Але на самым пачатку 1940‑х гэты мультфільм нечакана стаў глядзецца ва ўсім сьвеце па‑новаму: у ваўку тады ўбачылі фюрэра, а ў парсючках, якія пабудавалі свае дамы з паперы ды саломы — заходніх лідэраў, што праводзілі палітыку ўціхамірваньня ў дачыненьні да нацысцкага Райху.

Адносна таго, хто пабудаваў каменны дом, могуць быць разыходжаньні.

Але ж песенька «Нам ня страшны шэры воўк» застаецца, відаць, актуальнай і ў наш час. Зразумела, ня толькі ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?