Павал Ляхновіч (злева) атрымаў пуд мёду ад Міколы Папекі

Павал Ляхновіч (злева) атрымаў пуд мёду ад Міколы Папекі

Заснавальнік мядовай літаратурнай прэміі, пружанскі пчаляр ды літаратар Мікола Папека ўжо 14 год ушаноўвае пісьменьнікаў Берасьцейшчыны пудам мёду.

Сёлетняя імпрэза адбылася ў Берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі, дзе сабраліся літаратары, сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з розных гарадоў рэгіёну.

Імпрэзу вёў берасьцейскі паэт Мікола Пракаповіч:

«На Берасьцейшчыне ў нас дзьве рэгіянальныя літаратурныя прэміі. Адна — імя Ўладзімера Калесьніка — фінансуецца аблвыканкамам. Напачатку яна была даволі цікавая, але апошнія гады яна перажывае такую мастацкую дэвальвацыю можа быць з-за таго, што перавага стала аддавацца так званым «чэсным» пісьменьнікам. Але існуе і грамадзкая прэмія — Берасьцейская мядовая літаратурная прэмія».

Паэт Алесь Каско атрымаў самую першую мядовую прэмію. Ён выступіў на ўганараваньні Паўла Ляхновіча:

«Мядовая прэмія — ня так матэрыяльная, як маральная падтрымка для паэта, для пісьменьніка, якому ня вельмі соладка. Гэта сяброўская падтрымка. Павал Ляхновіч вельмі актыўны і працавіты як літаратар. Ён піша пра тое, што думае, што яго трывожыць або нават баліць. У кожным яго творы ёсьць вечнае — чалавекалюбства і патрыятызм», — распавёў Алесь Каско.

Мікола Папека ўручыў Паўлу Ляхновічу вядро мёду, дыплём, а таксама значок «Берасьцейская мядовая літаратурнай прэмія».

«Прысудзіць прэмію Паўлу Ляхновічу вырашыла берасьцейская суполка Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Прэмія ідзе на падмацаваньне творчага настрою пісьменьніка», — распавёў Свабодзе заснавальнік мядовай прэміі Мікола Папека.

Спадар Папека распавёў, што ўлады не зьвярталіся да яго з прапановаю дапамагчы ў правядзеньні штогадовай прэміі.

«Мяне можа падтрымаць толькі пчала. На сёньняшні дзень я выдаў каля 200 кіляграмаў мёду. І тут улады ні пры чым, гэта мая прыватная прэмія. Добра яшчэ, што не перашкаджаюць у гэтым», — кажа пчаляр ды літаратар.

Ляўрэат унікальнай прэміі Павал Ляхновіч у камэнтары Свабодзе выказаўся, што вельмі ўсхваляваны тым, што яго ўганаравалі:

«Гэта моцны штуршок, каб гэтую працу працягваць і імкнуцца пісаць як мага больш дасканала».

Павал Ляхновіч нарадзіўся ў 1954 годзе. Быў мараком падводнага і надводнага флёту, працаваў аўтасьлесарам, дырэктарам прадпрыемства, «выбівалам» у рэстарацыі, трэнэрам па кікбоксінгу, целаахоўнікам, журналістам, будаўніком у Маскве ды Варшаве.

Як распавядае сам Павал Ляхновіч, пісаць яго цягнула з маленства, але выдавацца пачаў толькі ў 90-х гадах мінулага стагодзьдзя.

Павал Ляхновіч выдаў зборнікі апавяданьняў «Пачатак сэзону», «Золата князёўны», «Зялёны дуб». Апошнім часам шмат займаецца перакладамі з польскай. Друкуецца ў часопісах «Дзяслоў», «Абажур», «Тэрмапілы».

Павал Ляхновіч як вернік грэка-каталік дапамагаў расьпісваць айцу Ігару Кандрацьеву царкву ў Берасьці, працаваў над абразамі.

Пісьменьнік любіць граць на старажытным музычным інструмэнце — дрымбе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?