Здымак Бі-Бі-Сі

У ноч на чацьвер у рэанімацыі Боткінскай больніцы памёр вядомы расейскі паэт‑песеньнік Міхаіл Таніч.

Паэт, якому было 84 гады, доўгі час змагаўся з анкалягічным захворваньнем.

Міхаіл Таніч супрацоўнічаў з такімі расейскімі кампазытарамі як Юры Саульскі, Уладзімер Шаінскі, Оскар Фэльцман, Мікіта Багаслоўскі. Пісаў вершы да песьняў Клаўдзіі Шульжэнкі, Алы Пугачовай, Іосіфа Кабзона, Мусьліма Магамаева, Алёны Апінай, Вячаслава Малежыка ды інш.

Сярод папулярных ягоных песьняў, «Чёрный кот», «Белый лебедь», «На дальней станции сойду», «Проводы любви», «Комарово», «Погода в доме».

У 1992 г. заснававаў гурт «Лесапавал» і кіраваў ім.

Пахаваны Міхаіл Таніч будзе на Ваганькаўскіх могілках, у суботу 19 красавіка.

«Пайшоў з жыцьця наш настаўнік, які ставіўся да нас, як да дзяцей. Мы ўсе вельмі смуткуем. Вельмі цяжка казаць», ‑‑ сказаў адміністратар «Лесапавала» Анатоль Каленкін.

***

Міхаіл Таніч нарадзіўся ў 1923 г. у Таганрогу. У 1938 г. быў арыштаваны і расстраляны ягоны бацька — Ісай Таніч.

З 1942 г. Міхаіл Таніч быў на фронце. У якасьці камандзіра супрацьтанкавай гарматы прайшоў ад Беларусі да Эльбы. Меў некалькі ўзнагарод.

Пасьля вайны паступіў у Растоўскі інжынерна‑будаўнічы інстытут. У 1947 г. арыштаваны паводле арт. 58. Вызвалены з лягеру ў 1953 г. з даведкай, якая забараняла жыць у 39 гарадах.

У пачатку 1990‑х Міхаіл Таніч сышоў зь сьвету поп‑музыкі і пісаў выключна для «Лесапавалу».

Паводле расейскае прэсы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0