Індыя гатова інвеставаць у фармацэўтычную прамысловасць Беларусі, паведаміў журналістам рэгіянальны дырэктар Савета па пашырэнні экспарту фармпрадукцыі Індыі Абай Сінха.

«Мы гатовыя да інвеставання», — сказаў Абай Сінха. Ён адзначыў, што ўкараненне індыйскіх тэхналогій можа адбывацца рознымі спосабамі, напрыклад, праз стварэнне сумесных прадпрыемстваў.

Паводле слоў рэгіянальнага дырэктара, беларускі рынак невялікі з пункту гледжання колькасці насельніцтва, але ў той жа час вельмі цікавы для індыйскіх кампаній, паколькі мае высокі экспартны патэнцыял. Праз Беларусь можна пастаўляць прадукцыю ў тым ліку і ў іншыя краіны СНД.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Індыі ў Беларусі Панкадж Саксена падкрэсліў, што фармгаліна з'яўляецца важнай сферай як для Індыі, так і Беларусі. «Я мяркую, што супрацоўніцтва ў гэтай галіне паміж дзвюма нашымі сяброўскімі краінамі будзе выгадным і карысным у тым плане, што можна наладзіць сумесную вытворчасць высакаякасных эфектыўных і недарагіх лекавых прэпаратаў», — сказаў ён. Ужо вядзецца адпаведная работа.

Сёння ў Мінску праходзіць прэзентацыя кампаній фармацэўтычнай прамысловасці і аховы здароўя Індыі і сустрэча ў фармаце В2В. У мерапрыемстве ўдзельнічаюць 37 фармкампаній з Індыі, якія прадстаўляюць малы і сярэдні бізнес. Усе яны плануюць выйсці на беларускі рынак упершыню. Цяпер Беларусь супрацоўнічае з 11 буйнымі індыйскімі кампаніямі.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Савет па пашырэнні экспарту фармпрамысловасці Індыі, пасольства Індыі ў Беларусі, ЗАТ «Тэхніка і камунікацыі» пры садзейнічанні Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?