Акцыя грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» «Жывая вясна» ў чарговы раз стартавала ў Беларусі, паведамілі ў прэс-службе АПБ.

ptushki.org

ptushki.org

«З 1 сакавіка па 31 мая любы ахвотны можа разам з намі намаляваць карту вясны і вяртання птушак з выраю. Веснікамі «Жывой вясны» сёлета абраныя пяць птушак: белы бусел, вясковая ластаўка, звычайная зязюля, чорны стрыж, а таксама шчурка-пчалаедка. Кожнае назіранне заносіцца на карту, і людзі з розных краін разам складаюць анлайн-карту падарожжаў птушак з поўдня на радзіму», — адзначылі ў прэс-службе.

У АПБ растлумачылі, што калі чалавек ўбачыць або пачуе адну з названых птушак, інфармацыю пра гэта неабходна ўнесці на сайт springalive.net. Расказаць пра свае назіранні можна ў групах праекта ў сацыяльных сетках або даслаць смс-паведамленне на кароткі нумар 0841 з указаннем імя, прозвішча, часу назірання, месцы, колькасці і віду птушак.

«Падчас «Жывой вясны» пройдзе конкурс фатаграфій і малюнкаў, падрабязнасці якога можна знайсці на нашым сайце. Акрамя таго, будзе праводзіцца кальцаванне буслоў. Спецыялісты НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі і актывісты АПБ кожны сезон імкнуцца закальцаваць рознакаляровымі кольцамі як мага больш птушанят буслоў, бо вяртанне кольцаў дае навукоўцам каштоўную інфармацыю, дзе зімуе сімвал Беларусі і праз якія краіны вяртаецца дадому», — адзначылі ў прэс-службе.

Міжнародны праект «Жывая вясна» быў арганізаваны BirdLife International. Праект родам з Германіі, дзе першая кампанія адбылася ў 1987 годзе ў Баварыі. Цяпер акцыя праводзіцца партнёрамі BirdLife International больш чым у 40 краінах свету. У 2012 годзе «Жывая вясна» стала самай паспяховай у гісторыі праекта: у ёй было зарэгістравана больш за 173 тысяч назіранняў. У 2015 годзе за птушкамі назіралі больш за 70 тысяч чалавек. «У Беларусі да праекту далучыліся больш за 3 тысячы чалавек, дзякуючы чаму мы занялі 5-е месца сярод 52 краін — удзельніц», — падкрэслілі ў АПБ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0