Расійскі «Першы канал» анансаваў новае тэлешоу «Чорна-белае». Гэта «спаборніцтва чорных і белых магаў», якое падаецца без усякай іроніі, усур’ёз — як калі б гэта было спаборніцтва гімнастаў ці ветэрынараў.

«Адбор медыумаў праводзіўся па ўсёй краіне — ад Калінінграда да Камчаткі, — гаворыцца ў анонсе. — У Маскву прыехала больш за трыста наймацнейшых экстрасэнсаў. Кожны з іх сам выбраў свой бок — чорны ці белы. …Выпрабаванне першае. У праграму звярнулася папулярная тэлевядучая Святлана Курыцына. У іх доме здарылася бяда — пасля дваццаці гадоў сумеснага жыцця бацька сышоў з сям’і да жанчыны, якая была ўсе гэтыя гады сяброўкай яе маці. «Наймацнейшы прыварот» — такі дыягназ паставіла вядомая іванаўская вядзьмарка…» І гэтак далей.

На савецкім ТВ былі шарлатаны Кашпіроўскі і Чумак з сеансамі масавага псіхозу, на новым расійскім — «Бітва экстрасэнсаў». Але такога яшчэ не было.

Гэтае цемрашальства ідзе на галоўным тэлеканале вялізнай краіны ў нядзелю. І што пра гэта ўсё думае патрыярх Кірыл, дарэчы?

Не сакрэт, што маса людзей верыць у прысушкі, адсушкі і сурокі. Яшчэ большая маса слепа верыць тэлевізару. Колькі народу адкіне ў сярэднявечча пасля такой перадачы?

«Першы канал» акунае спажыўца ў містыку. Прасцей кажучы, дэзарыентуе яго. А можа, так і лепей па сённяшніх цяжкіх часах? Дзе тут разбярэшся, чаму заробак малы, калі вакол цябе — духі, энергіі, калі суседка сурочыла?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?