У рэдакцыю TUT.BY звярнуўся тата пяцігадовага хлопчыка. Малы ходзіць у адзін з гомельскіх дзіцячых садкоў, дзе яго рэгулярна прапануюць сфатаграфаваць у ваеннай форме. Прычым нават не ў беларускай, а расейскай. «Навошта ў такім раннім узросце прывіваць любоў да чужой радзімы? І наогул рабіць акцэнт на ваеннай тэматыцы?» — не разумее бацька хлопчыка.

Такі вобраз фатографы прапануюць для дзяцей. Фота прадстаўленае чытачом з Гомеля

Такі вобраз фатографы прапануюць для дзяцей. Фота прадстаўленае чытачом з Гомеля

— Трэці год наша дзіця ходзіць у сад, і кожны месяц-два там прапануюць сфатаграфавацца. Для выбару вобраза прыносяць буклеты з прыкладамі здымкаў. І амаль заўсёды прапануюць сфатаграфаваць дзяцей у форме вайскоўцаў: рыцараў, гусараў, салдат Другой сусветнай вайны, сучасных армейцаў. Але я супраць прапаганды ваеншчыны і гвалту, тым больш у дзіцячым садку.

Але чытача здзіўляюць не толькі ваенныя вобразы.

Паводле яго слоў, дзецям ні разу не прапаноўвалі зрабіць здымак у беларускай ваеннай форме. На выбар — толькі ваенная форма узброеных сіл Расіі, з расійскім сцягам. Калі прапаноўваюць вобраз рыцара, то ў даспехах Маскоўскага княства, калі гусара — то ў форме Расійскай імперыі.

— Такое адчуванне, што з дзяцей рыхтуюць абаронцаў Расіі, а не Беларусі. Але гісторыя Беларусі багатая сваімі героямі. Замест маскоўскіх віцязяў можна сфатаграфаваць дзяцей у вобразе воінаў ВКЛ (даспехі адрозніваюцца), замест расійскіх гусар выкарыстоўваць выявы крылатых гусар ВКЛ і Рэчы Паспалітай, якія доўгі час былі самай моцнай арміяй Еўропы. Цяпер Беларусь — суверэнная дзяржава са сваёй арміяй. Навошта ж дзецям прывіваць любоў да гісторыі чужой краіны, а не да сваёй? — не разумее тата.

У папярэднія гады ён проста не замаўляў дзіцяці фатаграфіі ў вобразе вайскоўцаў.

— Але пасля мінулага Дня Перамогі сыну два месяцы ўсюды мроіліся ворагі, немцы, фашысты. Ён стаў больш агрэсіўным. Пастаянна высвятляў, хто дрэнны, а хто добры. Спадзяюся, ідэолагі дзіцячых садоў пачнуць вучыць дзяцей міру, а не вайне, любові да сваёй Радзімы, а не да чужой, — кажа ён.

Загадчыца гомельскага дзіцячага сада, куды ходзіць сын чытача, кажа, што ва ўсіх фатографаў адміністрацыя патрабуе ліцэнзію. Паводле яе слоў, дзяцей фатаграфуюць толькі са згоды бацькоў, і тыя заўсёды былі задаволеныя.

— У нас ёсць і свая дзіцячая ваенная форма — для хлопчыкаў і дзяўчынак. Яна ахоўнага колеру, без сімволікі і іншай атрыбутыкі. Мы апранаем у яе дзяцей на ранішнік да 23 лютага і на гарадскі конкурс «Які цудоўны гэты свет». На нядаўнім ранішніку да Дня абаронцы Айчыны дзеці былі ў захапленні, ладзілі спаборніцтвы паміж камандай салдат і камандай спартсменаў.

Па словах загадчыцы, так у дзяцей выхоўваюць патрыятызм.

— Мы стараемся данесці да іх, што абараняць Радзіму — ганаровая адказнасць. Любячы маму, паважаючы бабулю, слухаючыся іх, мы абараняем Радзіму. Вядома, нашы дзеці разглядаюць карцінкі з ваеннай тэхнікай. Нядаўна рабілі падарункі татам — хтосьці пагоны, хтосьці самалёты — але гэта толькі ў старэйшых групах, дзе дзецям 5-6 гадоў.

Загадчыца тлумачыць, што фатографы не апранаюць дзяцей у ваенную форму. Іх здымаюць у звычайнай вопратцы, а потым робяць мантаж на камп'ютары. І такія фатаграфіі друкуюцца толькі са згоды бацькоў.

Псіхолаг: «Цалкам ізаляваць дзіця ад ваеннай тэмы нельга, гэта таксама шкодна»

Дырэктар і псіхолаг прыватнага псіхалагічнага цэнтра Алена Дубовік кажа, што ў кожнага дзіцяці свая псіхіка:

— Кагосьці такая фотасесія можа напалохаць, а кагосьці не. Але ў чым фатаграфаваць і калі, вырашаюць бацькі. І такія фотасесіі без іх згоды праводзіцца не могуць. Нейкаму аднаму з бацькоў такая ваенная фотасесія спадабаецца, нейкаму не, але абодва пункты гледжання маюць права на існаванне. Калі бацькі вельмі міралюбныя, талерантныя, настроеныя на беражлівыя адносіны да свету, для іх дзіцяці фатаграфія ў ваеннай форме будзе траўматычнай.

Алена Дубовік падкрэслівае, што патрыятызм — гэта не ваяўнічасць, а любоў да сваёй краіны і свайго роду. Аднак цалкам выключаць ваенную тэматыку бацькам не варта.

— Калі вы не даяце дзіцяці гуляць у танкі і пісталецікі, то танкам для яго стане скрыначка, а пісталецікам — палачка. Дзіця знаходзіць звонку адлюстраванне таго, што ў яго ёсць ва ўнутраным свеце. Напрыклад, тое, што яму расказваюць пра прадзядулю, які быў на вайне, або тое, што ён бачыў у нейкім фільме. У нашай генетычнай памяці і калектыўным несвядомым ёсць успаміны пра бясконцыя войны чалавецтва. Як дзіцяці прайграць перажываныя падзеі і зразумець, дзе дабро, а дзе зло? Гісторыя чалавецтва заснаваная на разбурэнні і тварэнні, і дзіця павінна разумець, што ёсць і тое, і іншае. Цалкам ізаляваць яго ад гэтай тэмы нельга, гэта таксама шкодна. Ваенныя дзеянні цяпер адбываюцца ў свеце, і вырасціць дзіця ў стэрыльных умовах не атрымаецца. Але можна выхоўваць у ім эмпатыю і спачуванне да іншых людзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?