Расійскі спявак і дэпутат Дзярждумы Іосіф Кабзон, які падтрымлівае прарасейскіх баевікоў, што ваююць супраць сіл АТА на Данбасе, адправіўся ў Сірыю, дзе ўручыў «ордэны» так званай «ДНР» лётчыкам расійскай авіяцыі.
Кампанію прапуцінскаму артысту склала першая жанчына-касманаўт Валянціна Церашкова.
Сам Кабзон распавёў, што вырашыў уручыць расейскім пілотам «ордэн» сепаратыстаў, «таму што лічыць іх героямі», гэтак жа, як і баевікоў на ўсходзе Украіны.
«Тут не проста лётчыкі — а лётчыкі баявыя. І «ДНР» — гераічная рэспубліка. Так што, усё сыходзіцца», — адказаў спявак журналісту, які спытаў, чаму 78-гадовы Кабзон прыехаў да пілотаў у Сірыю менавіта з гэтай узнагародай.