18:10 Судовае сьледства па справе скончана. Абвешчаны перапынак да панядзелка. Працягнецца працэс а 11-й.
17:39 Усе абвінавачаныя па справе заявілі хадайніцтва аб прыцягненьні да крымінальнай справы намесьніка начальніка УДАІ ГУУС Менгарвыканкаму Максіма Падбярозкіна, які засьведчыў на працэсе, што ўдзельнікі мітынгу прадпрымальнікаў былі п'яныя і не прапускалі машыны "хуткай дапамогі". Відэаматэрыялы, у прыватнасьці, засьведчылі, што дэманстранты прапускалі машыны "хуткай дапамогі". Судзьдзя абвясьціла, што будзе раіцца.
Андрэй Кім заявіў, што відэа зь ягоным удзелам -- аб'ект мантажу і маніпуляцый. Андрэй сказаў, што сам здымаў відэаролікі, таму ведае гэтую кухню. Таксама ён зьвярнуў увагу на тое, што на відэа ня бачна сьведкаў па ягонай справе Сірыча і Блішчова, хоць відэа мае цэлыя тры ракурсы.
Адвакат Марыяна Сімешка зазначыла, што падчас сьледства дзьве відэакасэты і DVD з відэаматэрыяламі былі ўпакаваныя ў скрыню і апячатаныя. У залю суду яны былі прынесеныя ў звычайным файле для папер. Марыяна Сімашка паставіла пад сумнеў сапраўднасьць гэтых матэрыялаў.
16:46 Вырашылі ўсё ж дапытаць Ігара Ледніка.
16:44 Дапытваюць непаўнагадовую Дар'ю Гудкову, якая 21 студзеня была на акцыі і ў пастарунку з Андрэем Кімам.
16:42 Па хадайніцтве абароны відэа больш не будзе праглядацца.Судзьдзя адхіліла аб допыце ў якасьці сьведкаў Анатоля Лябедзькі і Ігара Ледніка.
14:59 Пацярпелы Сычоў некуды зьнік з залі, без дазволу судзьдзі
14:19 Завязалася патасоўка ў залі суду, якая ледзь не перарасла ў бойку. Гэтак званыя БРСМаўцы, калі людзі пасьля перапынку сталі заходзіць у залю, пачалі піхаць у сьпіны абвінавачаных па справе і іх сяброў. Штурхнулі ў плечы Тацяну Цішкевіч.
Людзі скандуюць "Ганьба" і патрабуюць выдаліць гэтак званых БРСМаўцаў з залі суду.
13:00 У працэсе аб’яўлены перапынак да 14-й гадзіны.
12:35 За шматлікія папярэджаньні судзьдзя выдаліла з залі абвінавачаную Тацяну Цішкевіч. Далей працэс праходзіць безь яе. Праглядаюцца відэаматэрыялы.
11:30 На кадрах бачна, як дэманстранты прапускаюць машыну хуткай дапомгі. Відаць таксама, як разварочваецца транспарт і працягвае рух у іншым кірунку.
11:20 Удзельнікі працэсу праглядаюць відэа з акцыі 10 студзеня.
10:55 Ні на адным з трох ролікаў не паказаны ўдар Кіма па твары пацярпелага Сычова. Пры гэтым камера зафіксавала, як Кіма адзін з даішнікаў цягне за валасы.
10:40 Пачалося азнаямленьне зь відэаматэрыяламі справы.
Пацярпелы Сычоў у пачатку паседжаньня заяўляў хадайніцтва пра тое, каб далей справа разглядалася безь ягонага ўдзелу з той прычыны, што працэс наўмысна зацягваецца, а ў яго шмат спраў на працы. Судзьдзя хадайніцтва адхіліла.
10:25 Бэрээсэмаўцаў запусьцілі ў залю. Хадайніцтва аб іх выдаленьні з паседжаньня судзьдзя адхіліліа.
9:55 Цікавыя рэчы адбываюцца ля Цэнтральнага суду сталіцы. Да будынку падводзяць арганізаваныя групы бээрэсэмаўцаў, іх ужо каля 15-20 чалавек. Некаторыя прысутныя пазнаюць у маладзёнах студэнтаў БНТУ і выказваюць асьцярогу, што «дружных рабят» выкарыстаюць для запаўненьня судовай залі абыякавай аўдыторыяй.