Турэцкія паліцэйскія застрэлілі дзвюх жанчын, якія адкрылі страляніну і кінулі гранаты ў бок паліцэйскага ўчастка ў Стамбуле.
Як паведамляюць мясцовыя СМІ, пасля нападу жанчынам удалося ўцячы. Неўзабаве паліцыя адшукала іх у будынку ў раёне Байрампаша непадалёк ад абстралянага ўчастка.
Паводле папярэдніх дадзеных, больш у ходзе інцыдэнту і спецаперацыі ніхто не пацярпеў.
Адказнасць за напад пакуль не ўзяла на сябе ні адна групоўка, аднак у мінулым падобныя напады на паліцэйскіх ажыццяўлялі члены леварадыкальнага руху «Рэвалюцыйная народная вызваленчая партыя (фронт)».
У пачатку студзеня мінулага года групоўка афіцыйна ўзяла на сябе адказнасць за падрыў смяротніцы ў Стамбуле, у выніку якога загінуў паліцэйскі.