Жыхарка Мінска атрымала траўмы з-за лёду і мокрага снегу, які ўпаў на яе з даху будынка. Інцыдэнт адбыўся раніцай 3 сакавіка на вуліцы Прытыцкага, паведаміў прэс-сакратар Мінскага гарадскога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Дэмбоўскі.

«Падраздзяленні МНС на месца здарэння не прыцягваліся, паведамленне па факце атрымання траўмы і шпіталізацыі паступіла нам ад хуткай дапамогі», — сказаў ён.

З чэрапна-мазгавой траўмай і ударам пляча пацярпелая была дастаўлена ў бальніцу, аднак, па непацверджанай інфармацыі, ад далейшай шпіталізацыі яна адмовілася.

«Хацелася б яшчэ раз нагадаць балансаўтрымальнікам, што снег з дахаў трэба чысціць, — падкрэсліў Дэмбоўскі. — З-за цыклонаў снегу нападала шмат. Зараз рэзка пацяплела і снег пачаў спаўзаць з дахаў. Тым, хто адказны за эксплуатацыю будынкаў, неабходна арганізаваць ачыстку дахаў. Месцы правядзення работ, а таксама неачышчаныя будынкі, якія ўяўляюць небяспеку, у абавязковым парадку павінны быць агароджаныя».

«Людзям жа варта быць больш уважлівымі і сачыць за становішчам, праходзячы міма будынкаў, асабліва са скатным дахам», — падсумаваў прэс-сакратар Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?