Для пацверджання статусу творчага работніка неабходна будзе звярнуцца ў экспертную камісію, створаную пры Міністэрстве культуры. Гэта прапісана ў праекце Кодэкса Беларусі аб культуры, паведаміла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Наталля Кучынская.

Паводле слоў дэпутата, падчас дапрацоўкі праекта дакумента да другога чытання вяліся доўгія дыскусіі наконт таго, якім чынам будзе пацвярджацца статус творчага работніка для грамадзян, якія не знаходзяцца ў творчых саюзах.

«Гэта мае на ўвазе выдачу спецыяльнага сертыфіката. Пытанне актуалізаванае ў сувязі з прыняццем у Беларусі дэкрэта аб сацыяльным утрыманстве, у якім раскрываюцца палажэнні аб удзеле грамадзян у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў. Грамадзянін, які пацвердзіў статус творчага работніка, з'яўляецца ўдзельнікам фінансавання дзяржаўных выдаткаў», — патлумачыла Наталля Кучынская.

Такім чынам, у праекце Кодэкса аб культуры прапісана, што статус творчых работнікаў, якія з'яўляюцца членамі саюзаў, будуць пацвярджаць гэтыя саюзы. А вось вольныя мастакі павінны будуць звяртацца ў экспертную камісію, створаную пры Міністэрстве культуры. Гэтая камісія будзе ацэньваць іх творы і прымаць рашэнне аб выдачы ці нявыдачы сертыфікатаў.

Пры гэтым вызначаныя крытэры ацэнкі. Напрыклад, твор павінен з'яўляцца прынцыпова новым, самастойным вынікам інтэлектуальнай дзейнасці. Яго мастацкі ўзровень павінен адпавядаць прафесійнаму. Што тычыцца музычных і друкаваных твораў, яны таксама павінны на працягу апошніх трох гадоў (не менш за два разы на год) публікавацца, публічна выконвацца або іншымі спосабамі даводзіцца да ўсеагульнага ведама.

«Сертыфікат, выдадзены творчаму работніку, можа быць ануляваны», — заўважыла парламентарый. Падставай для гэтага будзе служыць рашэнне суда, якое сведчыць, што чалавек у рэчаіснасці не з'яўляецца аўтарам (выканаўцам) твораў літаратуры і мастацтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?