Чартарная праграма ў Турцыю і Егіпет гэтым летам будзе скарочана. Пра гэта паведаміў журналістам 3 сакавіка намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Авіякампанія «Белавія» Ігар Чаргінец на мерапрыемстве з нагоды 20-годдзя з дня заснавання кампаніі.
«Фактычна сфарміравана чартарная праграма. Зразумела, будзе яшчэ невялікая шліфоўка з нашымі тураператарамі. Безумоўна, яшчэ будзем у чымсьці гэту праграму мадыфікаваць: дзесьці павялічваць колькасць палётаў, дзесьці змяншаць», — сказаў Чаргінец.
Паводле яго слоў, палітычная сітуацыя ў Турцыі і Егіпце адбіваецца і на дзейнасці тураператараў. У параўнанні з мінулым летам па адпаведных напрамках праграмы будуць скарочаныя.
Разам з тым турыстычныя патокі пераходзяць на іншыя кірункі. Так, напрыклад, у Барселону плануецца выконваць рэйсы часцей і ставіць самалёты большай змяшчальнасці. Тое ж самае можна казаць і пра кіпрскую Ларнаку. Акрамя таго, у новым сезоне мяркуецца адкрыць новы рэйс у Палангу. Будзе павялічана частата выканання рэйсаў у Батумі, куды гэтым летам рэйс плануецца зрабіць штодзённым.