У чэрвені 2015 г. прэмію атрымаў Віктар Казько, фота Сяргея Гудзіліна

У чэрвені 2015 г. прэмію атрымаў Віктар Казько, фота Сяргея Гудзіліна

4 гады таму, 3 сакавіка 2012 года, ва Сусветны дзень пісьменніка, у Беларусі ўпершыню адбылася ўрачыстая цырымонія ўганаравання беларускіх празаікаў і эсэістаў літаратурнай прэміяй Ежы Гедройца.

Мяркуецца, што сёлета прэмія будзе ўручацца ўжо пяты раз. Але заснавальнік прэміі, былы пасол Польшчы Лешак Шарэпка з'ехаў з Беларусі. Дагэтуль не апублікаваны спіс твораў, пададзеных на прэмію — так званы лонг-ліст, не вызначаны і склад журы. Беларуская інтэлігенцыя занепакоілася: ці застанецца наогул прэмія Гедройца?

Першы дарадца пасольства Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі запэўніў, што справа Лешака Шарэпкі будзе працягвацца: «Пакуль няма новага пасла, але мы чакаем, што цягам некалькіх тыдняў ён прыедзе. Мы працуем разам з беларускім ПЭН-цэнтрам. Хто будзе ў журы, мы не вырашаем, гэта справа ПЭН-цэнтра. Мы толькі ствараем умовы, арганізоўваем і фінансуем тэхнічны бок, ладзім урачыстую цырымонію. А ўсім астатнім — зборам заявак, вызначэннем лаўрэатаў, мастацкім бокам — займаецца ПЭН-клуб».

Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч запэўніў, што тэрміны крыху пасунуліся, але прэмія абавязкова будзе: «Усё добра і ўсё неўзабаве будзе. Уся інфармацыя з'явіцца на наступным тыдні. Складанасці былі, але пасьпяхова вырашаюцца. Пэўныя працоўныя моманты, на жаль, на некалькі тыдняў затрымалі ўсю гэту прэміяльную гонку. Сёлета крышачку пазней, чым звычайна, але прэмія будзе ўручацца абавязкова», — запэўніў Андрэй Хадановіч і параіў зьвярнуцца да выканаўчага дырэктара Беларускага ПЭН-цэнтра Паўла Анціпава.

Павел Анціпаў таксама запэўніў, што прэмія будзе, але, хутчэй за ўсё, уручэнне будзе перанесенае на верасень.

Ён патлумачыў, што ПЭН-цэнтр вельмі загружаны працай, у яго шмат прэмій: прэмія імя Цёткі, «Дэбют», «Кніга года» — не справіліся з аб’ёмамі.

Што да прэміі Гедройца, спадар Анціпаў патлумачыў: «Паводле працэдуры, кніжкі прынятыя праз інтэрнэт. Зараз яшчэ збярэцца журы, і яно таксама будзе дадаваць кніжкі ў гэты спіс».

 Літаратурная прэмія Гедройця прысуджаецца штогод за найлепшую кнігу, якая была выдадзеная (у папяровым або электронным варыянтах) на беларускай мове ў жанрах «мастацкая проза», «эсэістыка». Намінаваньне праходзіць у тры этапы. Спачатку абвяшчаецца лонг-ліст прэміі (12 пазіцый), за ім — шорт-ліст (6 пазіцый).

Пераможца атрымлівае 10 тысяч еўра. Сярод узнагародаў прызёраў — магчымасць выдаць кнігу ў Польшчы, літаратурныя стыпендыі і запрашэнні ў еўрапейскія дамы творчасці.

Пераможцамі прэміі былі Павел Касцюкевіч «Зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту», Уладзімір Някляеў за кнігу «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без», Ігар Бабкоў за «Хвілінку» і Віктар Казько за «Час зьбіраць косці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?