У менскай сядзібе Партыі БНФ адбылася вечарына памяці Алеся Чаркашына, актывіста партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», прымеркаваная да паўгодзьдзя з дня ягонай гібелі ў баях за незалежнасьць Украіны.

Удзел у імпрэзе прынялі некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку вядомыя беларускія палітыкі і творцы.

Адным зь першых слова ўзяў мастак Алесь Пушкін, які прэзэнтаваў сваю выставу ў выглядзе трох партрэтаў Алеся Чаркашына. Раней гэтыя партрэты Алесь Пушкін дэманстраваў на выставе ў амбасадзе Ўкраіны ў Менску.

Мастак распавёў пра сваю паездку ў зону баявых дзеяньняў і пра сустрэчы з баявымі сябрамі і паплечнікамі Алеся Чаркашына. Паэт і бард Зьміцер Захарэвіч прачытаў вершы і прасьпяваў песьні ў памяць загінулага патрыёта, свае песьні таксама выканалі Андрэй Мельнікаў і іншыя барды.

Аддаць даніну павагі Алесю Чаркашыну прыйшоў палітык Мікола Статкевіч, які сказаў, што ня быў асабіста знаёмым з Алесем, але прыйшоў ушанаваць ягоную памяць:

«Я прыйшоў сюды, каб аддаць даніну павагі беларусу, жаўнеру, патрыёту, які меў ідэалы і гэтак важныя, што не збаяўся рызыкаваць і аддаць за іх сваё жыцьцё. Тыя беларускія хлопцы, якія паклалі свае жыцьці, яны баранілі Беларусь ва Ўкраіне. Так мала людзей, якія маюць ідэалы і яшчэ менш тых, хто гатовы аддаць за іх сваё жыцьцё. Мы маем прыклад і ён вельмі важны. Гэтая кроў не пралілася дарэмна, бо калі за ідэаламі няма ўчынкаў і ахвяраў, то гэта проста словы. Тая рэлігія, якая сфармавала ўвесь сьвет, была збудаваная на ахвяры Хрыста. Не было б гэтай ахвяры — і нічога б не было: без учынкаў і бяз платы за ідэі — усё словы, а словаў цяпер шмат. Мы ж маем прыклад годнага і мужнага ўчынку».

Скульптар Гэнік Лойка падчас імпрэзы прэзэнтаваў эскіз помніка Алесю Чаркашыну, на якім выяўлены графічны партрэт змагара, гітара з гільзай, на якой ён іграў, а таксама хрысьціянскі крыж. Збор сродкаў на выраб помніка быў таксама яшчэ адной мэтай правядзеньня вечарыны памяці, кажа адзін з арганізатараў імпрэзы і адзін зь лідэраў партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец:

«Памяць пра Алеся Чаркашына — яна вельмі важная, бо ён загінуў за нашу і вашу свабоду. У той час, калі расейскіх наёмнікаў, якія ваююць за «ДНР» хаваюць у невядомых магілах, тых, хто загінуў за Ўкраіну і Беларусь, хаваюць як герояў. Алеся Чаркашына і Міхаіла Жызьнеўскага ў апошні шлях праводзілі сотні людзей. Гэта паказвае, што беларусы цэняць асобу, якая аддае сваё жыцьцё за іншых. Таму тыя, хто спрычыняецца да шанаваньня памяці — барды, мастакі, тыя людзі, якія ахвяруюць грошы на помнік, — яны штодня ствараюць беларускую салідарнасьць».

Як паведаміў Павал Севярынец, усталяваньне помніка на магіле Алеся Чаркашына каштуе каля чатырох тысячаў даляраў. На сёньня сабраная чацьвёртая частка гэтай сумы, таму збор сродкаў працягваецца.

Алесь Чаркашын — былы старшыня берасьцейскай гарадзкой арганізацыі БХД, ваяваў у складзе Добраахвотнага ўкраінскага корпусу «Правага сэктару». 10 жніўня быў цяжка паранены ў баі пад Белакаменкай у Данбасе. Памёр у шпіталі ў Запарожжы пасьля некалькіх тыдняў комы ва ўзросьце 33 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?