04.03.2016 / 13:54

«Тата плакаў, вельмі кранула». Міліцыянт, які выхапіў дзіця з-пад «Пежо», распавёў, як гэта было 36

2 сакавіка, напярэдадні прафесійнага свята, прапаршчык Чыгуначнага аддзела дэпартамента аховы горада Віцебска Сяргей Баталка закрыў сабой дзіця ад наезду машыны, і яна збіла яго самога. Адразу пасля паведамленняў пра гэты ўчынак міліцыянер стаў самым медыйным супрацоўнікам праваахоўных органаў у нашай краіне. TUT.BY павіншаваў Сяргея з Днём міліцыі і даведаўся падрабязнасці здарэння.

У той вечар Сяргей вяртаўся з дзяжурства, ішоў у аддзел дэпартамента на вуліцы Будзённага — здаць зброю.

— Заўсёды хаджу гэтай дарогай, па гэтым пешаходным пераходзе. А тут так склалася — выратаваў чалавека, — кажа прапаршчык Баталка. У яго голасе няма пафасу, свой учынак ён не лічыць геройствам і стварае ўражанне сціплага, нават трошкі сарамлівага чалавека. Галоўнае — што ў патрэбны момант змог паступіць вельмі рашуча.

Усё адбылося імгненна: схапіў хлапчука, павярнуў яго, мы ўпалі. Нават не ведаю, як гэта растлумачыць. Проста ў той момант я быў увесь ва ўвазе, настроіўся на пераход праезнай часткі, не думаў пра нешта пабочнае. Тым, напэўна, і адрозніваецца супрацоўнік міліцыі, што ён заўсёды на службе — незалежна ад таго, у форме ён ці цывільным. І заўсёды абавязаны аказаць дапамогу — у выпадку неабходнасці.

— Сяргей, гэта відэа паглядзелі больш за 400 тыс. чалавек. Ваш учынак актыўна абмяркоўваюць. Адновіце тыя падзеі яшчэ раз: як усё было?

— Першы шэраг машын спыніўся, другі — таксама. Усё было бяспечна. Хлопчык зразумеў, што яму нішто не пагражае, і пачаў пераходзіць вуліцу. Але, выйшаўшы на дарогу, я пабачыў, што машына рухаецца па трамвайных шляхах, на хуткасці прыкладна 50—60 км. Трэба было прымаць меры. Калі б хлопчык пайшоў далей, было б сутыкненне, магчыма, страшная трагедыя. Я яго вырваў, і ўсё скончылася добра. Цяпер у інтэрнэце пішуць ўсякае: нібыта хлопчык мог пайсці проста, і я не павінен быў яго чапаць. Але я лічу, што маё рашэнне было правільным у дадзенай сітуацыі. Кіроўца рэальна ігнараваў ПДР. Пазней я даведаўся, што Мікіта — амаль аднагодак маіх сыноў.

У сям'і Баталкі — 10-гадовыя хлопчыкі-блізняты. Мікіту Працюку, выратаванаму на пераходзе, 11.

Па словах Сяргея, пасля здарэння кіроўца быў у разгубленасці, спачатку не мог нічога патлумачыць. Уладальніку «Пежо» — 59 гадоў, ён працаваў у падатковай інспекцыі. Мужчыну пазбавілі правоў і прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці па ч.1 арт. 18.17 і ч. 5 арт. 18.22 КаАП.

У ДАІ патэлефанаваў не міліцыянер, а відавочцы — кіроўцы машын у двух палосах, якія спыніліся, каб саступіць дарогу пешаходам. Адна з жанчын-сведак прадаставіла інспектарам запіс відэарэгістратара ў сваім аўтамабілі.

— Відавочцы таксама былі гатовыя выклікаць хуткую, - дзеліцца Сяргей. — Пасля ўдару мы з Мікітам упалі на дарогу, на відэа бачна, што трошкі адскочылі. З дзіцем усё ў парадку, а я спачатку больш не адчуваў болю, але потым на галёнцы з'явілася пухліна. Трошкі баліць і сёння. Але не страшна, я працаздольны, заўтра ўжо прыступаю да нясення службы. Учора і сёння ў мяне былі выходныя.

Напярэдадні на месца здарэння прыязджалі бацькі шасцікласніка Мікіты. Ім паказалі відэа з месца падзей. Мама падзякавала міліцыянту. А тата нават плакаў. «Мяне, вядома, кранулі гэтыя мужчынскія слёзы», — прызнаўся Сяргей.

— Вядома ж, мы ўдзячныя супрацоўніку міліцыі. У яго самога — два сыны, і яны амаль такога ж узросту, як і наш Мікіта. Яго хлопчыкам — 10 гадоў, а нашаму — хутка споўніцца 12. Мікіта ў той вечар вяртаўся са школы па гэтай дарозе, хоць звычайна ён ходзіць іншым шляхам. Збег абставінаў, — распавяла мама Мікіты, Юлія Працюк.

У прапаршчыка Баталкі быў яшчэ адзін выпадак, калі яму давялося хутка рэагаваць на сітуацыю: «Вяртаўся з працы, а ў аўтобусе ехаў мужчына, які дастаў сякеру. Узнікла паніка, закрычалі жанчыны і дзеці. Мы з яшчэ адным пасажырам нейтралізавалі хулігана і яго прыладу».

Сяргей працуе ў органах МУС 13 гадоў: «Пайшоў па слядах бацькі, ён падпалкоўнік міліцыі, быў намеснікам начальніка гэтага ж самага аддзела, дзе працую я. У дэпартамент аховы прыйшоў пасля службы ў войску, праходзіў яе ва ўнутраных войсках».

0
нейкі хлопец / Адказаць
04.03.2016 / 14:10
Засталіся там яшчэ сапраўдныя мужыкі.павага Сяргею.больш бы такіх людзей
0
Хведзя / Адказаць
04.03.2016 / 14:12
Не было калі раздумваць. Дастойны чалавек. Са святам!
0
cos / Адказаць
04.03.2016 / 14:24
Малойца! Са святам!
Паказаць усе каментары/ 36 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру