У суботу, 5 сакавіка, славакі выбіраюць новы парламент. Чаканне дастаткова напружанае — прагназаваць склад будучай кааліцыі не бярэцца ніхто.
Паводле апошніх апытанняў, у парламент павінны былі прайсці сем партый. Аднак, хоць адрыў кіруючай партыі SMER значны, галасоў для фарміравання ўрада ім не хапае.
Палітычныя аналітыкі задаюцца пытаннем: якой будзе кааліцыя?
Ці сфарміруюць урад SMER і традыцыйна нацыяналістычная SNS? Апошнюю лічаць надзейным партнёрам прэм'ер-міністра Роберта Фіцо, ды і вопыт сумеснага ўрада ўжо быў.
А можа, сюрпрызам стане правацэнтрысцкі ліберальны Most-Híd, які хоць і выразна пратэстуе супраць маніпулявання міграцыйнымі праблемамі і звяртае ўвагу на банальныя эканамічныя праблемы, якія цікавяць дробны бізнэс, але ўсё ж яго лідар Бэла Бугар адной сваёй неасцярожнай фразай у тэледэбатах зарадзіў у сваіх выбаршчыках падазрэнне наконт перспектываў «калабарацыі».
Успамінаюць нават трохі прызабытых кансерватыўных хрысціян KDH, у якіх былі нядрэнныя адносіны з SMER, аднак у апошні час пагоршыліся, а таксама галоўнага канкурэнта SMER — #Sieť.
Пры гэтым немалыя асцярогі выклікае ўзмацненне пратэстных галасоў. Сярод іх — і адкрыта прарасейскія сілы.
Напрыклад, партыя «Адвага — Вялікая прарасійская кааліцыя». Гэтая «канапавая» партыя была створаная і пайшла на выбары пасля паездкі ў Маскву прадстаўнікоў прарасейскай групы «Мірныя байцы», якія вядомыя паездкамі на Данбас з дапамогай для баевікоў, у тым ліку для славацкіх наймітаў.
Сярод адкрыта прарасейскіх, але не адкрыта радыкальных, яшчэ ёсць «Адпор — партыя працы» і Камуністычная партыя Славакіі. Рэальна прарасейскай з'яўляецца «Катлеба — Народная партыя Наша Славакія». Усе яны ў рознай ступені набіраюць папулярнасць сярод славакаў, прычым некаторыя афіцыйна фінансуюцца Расіяй і не хаваюць гэтага.
Такім чынам, ужо ў бліжэйшыя дні Славакію чакае непрадказальная кааліцыяда, і існуе вялікая імавернасць, што краіна можа ўзмацніць свой прарасейскі вектар.