president.gov.by
«Мы цяпер знайшлі алгарытм, які дазволіць знізіць фінансавую нагрузку праз тарыфы ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Адпрацаваны дакумент і ўнесены ў Адміністрацыю прэзідэнта. У тым ліку пастаўлена задача ўнесці ўказ па безнаяўных субсідыях. Мы яго плануем у сакавіку адшліфаваць і ўнесці. Гэта дазволіць абараняць насельніцтва з нізкім узроўнем даходаў бюджэту сям'і», — распавёў Калінін у праграме СТБ «24 гадзіны».
Спецыяльная рабочая група была створана па даручэнні Лукашэнкі. У яе ўвайшлі прадстаўнікі Камітэта дзяржкантролю, ўрада, Адміністрацыі прэзідэнта.
Яе мэтай было прааналізаваць і пералічыць жыллёва-камунальныя тарыфы ў адпаведнасці з рэальнымі выдаткамі.
Тарыфы на шматлікія паслугі ЖКГ, нагадаем, былі павялічаны ў студзені — жыроўкі выраслі на 40-70% у залежнасці ад плошчы кватэры і колькасці прапісаных у ёй чалавек.
***
22 лютага, заслухоўваючы даклад аб падатковай і акцызнай палітыцы, Аляксандр Лукашэнка абурыўся значна падскочыўшым коштам паслуг камунальнікаў. Кіраўнік краіны даручыў, каб да 1 сакавіка старшыня КДК, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, прэм'ер-міністр прадаставілі яму разлікі тарыфаў жыллёва-камунальныя паслугі. «Вываз смецця, асвятленне, ліфт, уборка, цеплавая энергія, цёплая і халодная вада, газ, электраэнергія - усё падлічыць і пакласці мне гэтыя тарыфы», — сказаў тады кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што службовыя асобы, якія не справяцца з дадзенымі сёння даручэннямі, панясуць за гэта адказнасць.
Яшчэ раз тэму «камуналкі» кіраўнік дзяржавы закрануў 23 лютага. Паводле яго слоў, беларусы пакрываюць 80% аплаты жыллёва-камунальных паслуг. Ён таксама лічыць, што чыноўнікі займаюцца прыпіскамі, каб скрасці грошы з бюджэту легальным шляхам. «А ў нас артыкул за гэта, за гэта трэба саджаць», - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і дадаў, што ў Беларусі ў гэтай сферы навядуць парадак.
Ужо 24 лютага Камітэт дзяржкантролю паведаміў, што ўстанавіў факты завышэння кошту аказаных жыллёва-камунальных паслуг. Распачата 13 крымінальных спраў у дачыненні да службовых асоб прадпрыемстваў сістэмы ЖКГ у кожнай з абласцей і ў Мінску.