06.03.2016 / 12:40

«Шмат чаго «ацечаственная» сістэма адукацыі ва мне выправіла, але, відаць, не ўсё, бо ў трыццаць я зноў перайшоў на мову» 15

Піша Андрусь Горват з Прудка (Калінкавіцкі раён).

Беларускай мове мяне навучыла бабуля. Я гэта зразумеў нядаўна, калі слухаў стары аўдыёзапіс з сямейнага архіва. З магнітафона даносіўся рыпучы гук — старэйшы брат запісаў на плёнку маю балбатню. Калі я слухаў запіс, моцна ўразіўся, што ў пяць год я размаўляў па-беларуску. Гэта потым я пайшоў у школу, дзе мне «выправілі язык», а тады я размаўляў натуральна — як мяне навучыла баба Ганна.

Калі ў старшых класах я пісаў сачыненне, настаўніца расейскай мовы выправіла «баба Ганна» на «баба Анна», хаця яна заўсёды была Ганнай. Не толькі гэта — шмат чаго наша «ацечаственная» сістэма адукацыі ва мне «выправіла», але, відаць, не ўсё, бо ў трыццаць я ізноў перайшоў на мову.

Беларуская мантра

Усё жыццё я чую мантру: «Беларуская мова — наша матчына мова, мова Купалы і Коласа. Яе трэба шанаваць і захоўваць. А теперь давайте поговорим о серьёзном».

Сёння от і высокі чыноўнік апраўдвае неўжыванне мовы ў судовай практыцы Коласам і Купалам. Маўляў, няможна на мове класікаў зачытваць прысуды забойцам. І мне хочацца даць яму па ілбе драўлянай лыжкай, якую я сам выразаў і якую пагрызла мая мыш Верачка. Я ўпэўнены, што і Колас з Купалам выразалі б лыжкі і далучыліся б да збіцця высокага чыноўніка. Разам мы б мо выбілі з яго башкі тую мантру, ці хаця б наставілі гузакоў у якасці кампенсацыі за маральныя страты. Мне от цікава, паважаны чыноўнік, калі ваша бабуля, прабачце мяне грэшнага, ішла ср.ць, яна пераходзіла на расійскую мову?

Я б не здзівіўся, калі б пачуў тое ад трактарыста ці даяркі. Але ад таго, хто, як у нас кажуць, вялікім чалавекам стаў, хочацца чакаць большай мудрасці і большай адказнасці. А

нашы чыноўнікі — гэта наша бяда. Яны ўвабралі ў сябе самыя паганыя беларускія якасці.

І пакуль вагаюцца, як увесці адну дадатковую гадзіну беларускай мовы, каб нікога не пакрыўдзіць і не згубіць свае месцы, вырастае новае пакаленне беларусаў, для якіх Купалу трэба чытаць са слоўнікам.

«Уведамляю вас, што мы пака жывы»

От я раней думаў, што звужэнне ўжытку беларускай мовы да пэўных сфераў — гэта такая глыбінная філасофія, якая ўзнікла як механізм самазахавання. То бок, калі нашыя самыя мудрыя прашчуры адчулі небяспеку для мовы, яны ноччу ў лесе вакол свяшчэннага вогнішча зладзілі нараду і вырашылі схаваць мову ў тыя мантры пра Коласа і Купалу, каб пры спрыяльных умовах, калі спёка спадзе і пойдзе дождж, мова пачала расці з сухоха насення і зноў забуяла. Але не,

час ідзе, а расійскія серыялы паказваюць у кожнай вясковай хаце. І беларуская мова вымываецца нават стуль, дзе яна трывала сядзела.

Мая знаёмая пісьменніца неяк сказала, што любіць жывую вясковую мову і не ўспрымае тую, якой гавораць у рэдакцыях газет. Я таксама часта наракаю на слоўнікі, што яны недастаткова прудкаўскія. Аднак рэгіянальныя жывыя гаворкі не маюць рэзерву для ўтварэння нацыі. Мова рэдакцый такі рэзерв мае. Гэтак сталася з усімі мовамі свету — яны ўсярэдніліся да зручнай і зразумелай ўсім формы. Не выключэнне і «великий и могучий русский язык». Яму толькі больш пашчасціла на нашай зямлі. Праз шырокі распаўсюд на тэлебачанні, у афіцыйнай сферы да яго хутка прызвычаіліся,

і ніхто з беларусаў не жаліцца, што расійская мова недастаткова жывая, не такая, як у расійскіх сёлах.

А беларускай літаратурнай мове не пашчасціла зусім. Мая маці, якая выдатна ўмее размаўляць на нашай рэгіянальнай варыяцыі беларускай мовы, не можа чытаць беларускія кнігі і газеты — літаратурная мова для яе — напаўзамежная. Мама сустракае мяне з аўтобуса словамі:

— І кашуля вісіць, і дурань дрыжыць.

А калі мы праходзім па беразе Прыпяці, кажа:

— Во, ужо крыгі плывуць.

— А што такое крыгі?

— Крыгі і е крыгі.

Але яна звоніць мне і просіць дапамагчы напісаць пляменніку сачыненне:

— Бо я беларускую мову не ведаю.

Яе не ведае і мой пляменнік, хоць вучыцца ў маёй школе, у маёй настаўніцы. У нас з пляменнікам розніца ва ўзросце — дваццаць гадоў. Шаноўныя чыноўнікі з Міністэрства адукацыі, от адкажыце мне, як такое можа быць?

А калі будзе чарговы перапіс насельніцтва, маці запіша сябе носьбітам расійскай мовы, бо яе яна ведае, як «па-граматнаму» сказаць «я люблю картоплю і лісянкі». А як на мове Купалы — не.

Атрымліваецца, што ёсць народная мова, ёсць «правільная» расійская, на якой дакументы складаюць. А яшчэ ёсць беларуская, але то мова класікаў, а не наша. Яна не мае ўжытку: на ёй не вядзецца справаводства, не зачытваюцца прысуды забойцам, не паказваюць серыялы. Адно толькі — яна матчына, і яе чамусьці трэба захоўваць.

У мяне ёсць ліст, які ў 1937 годзе напісаў майму прадзеду прудкаўскі сваяк Васіль. Добра відаць, што ўжо тады беларускі селянін імкнуўся быць «граматным»: «Уведамляю вас, што мы пака жывы».

Васіль працаваў касірам у Аўцюках, «уволілся з работы і здавал дела ў Мазыры, был там целую неделю». Чалавек ламаў сваю мову, каб здаваць «дела» і мець працу. Паперкі ж па-расійску запаўняць трэба.

Але ў месцах, якія не тычацца службовых спраў, Васіль пераходзіў на беларускую мову: «Учора яна прасіла, каб мы напісалі табе, як яна мучыцца. Яна кажа, каб Андрэй быў, ён бы дзесяць раз прыйшоў мяне даведацца».

Бы розныя людзі пісалі той ліст.

Поп саграшыў, а дзяка вешаюць

І, шаноўныя «гасударавы людзі», не трэба валіць з хворай галавы на здаровую, кажучы, што ў нас ёсць выбар, як размаўляць. Моўная палітыка — не справа даярак, трактарыстаў і касіраў з Аўцюкоў, а ваша. Як той кажа, поп саграшыў, а дзяка вешаюць. Расійская мова не была маім выбарам, бо да пяці год я размаўляў па-беларуску, пакуль не трапіў у дзяржаўную сістэму адукацыі. Я перайшоў на расійскую, наадварот, таму, што ў мяне не было іншага выбару.

За год, што я жыву на Палессі, у мяне склалася ўражанне, што палешукі сумуюць па мове. Усюды ёсць вырадкі, але агульнае стаўленне да беларускіх словаў вельмі прыязнае. Прадаўчыха шырока ўсміхаецца, калі мы з сябрам уваходзім у краму, і гучна вітае нас:

— Добры дзень, шаноўныя.

Стрыечны брат, які да мовы ставіўся абыякава, пасля дзвюх дыскусій са мной едзе на зарабаткі ў Расію і вучыць там калегу-таджыка беларускім словам. Кажа яму:

— Што ты як чурка? Кружка, кружка… Карэц!

Аксана, якая мае дыплом філолага, моцна здзіўляецца, што беларуская мова — не правінцыйнае адгалінаванне расійскай:

— Как так? Нас же учили! Нас же учили…

Наступным разам яна кажа мне:

— Прывітанне! А можна я буду размаўляць з табой па-беларуску?

Можна. Размаўляй са мной па-беларуску.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Свабода / Адказаць
06.03.2016 / 13:01
"І мне хочацца даць яму па ілбе драўлянай лыжкай" Тут трэба не лыжкай, а добрай дубінай, каб дайшло.
0
папагена / Адказаць
06.03.2016 / 13:14
Файна дапрацаваў, малойца) Чытаў 'сыры' варыянт на НЧ, было горш.
0
марцін / Адказаць
06.03.2016 / 13:14
Вось, будучы міністр адукацыіі вольнай Беларусі...ты толькі дасядзі там, дачакайся...)) Спадзяюсь, што крыгаход наступіць і знішчыць гэту набрыдзь.
Паказаць усе каментары/ 15 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру