Графіці «Жыве Беларусь!» можна пабачыць у кожнай камэры.
Канвэер добра прадуманага прыніжэньня і застрашваньня, пропуску праз строй па‑сучаснаму, дэманстрацыі сілы і зладжанасьці сыстэмы, «пакінь надзею кожны, хто папаўся», мяккага прэвэнтыўнага аўтарытарызму з прэтэнзіяй на татальнасьць, трыюмф пэдантычнага легалізму, які аднак ня мае нічога супольнага з прававой дзяржавай, Акрэсьціна стала знакам часу, як Картуз‑Бяроза была знакам польскае акупацыі, а Курапаты — сталінскага генацыду.
Часу, у якім сілу замяняе пагроза яе ўжыць, рэпрэсіі — пагроза рэпрэсій, 25 гадоў бяз права перапіскі — 10 сутак з правам атрыманьня перадачаў. У эпоху эрозіі таталітарных практык ізалятар стаў месцам подзьвігаў бязь лішняга геройства, у эпоху спажывецтва ён стаў месцам, населеным людзьмі ідэі, адухоўленым і асвоеным культурай. Акрэсьціна ў аб’ектыве гэтага нумару «НН».