6 сакавіка адбылося пасяджэнне Цэнтральнага Камітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады).

Як паведамляецца ў партыйным прэс-рэлізе, галоўным пытаннем было вылучэнне кандыдатур на пасады старшыні і намеснікаў старшыні БСДП на наступным XVI партыйным з’ездзе.

З аднаго боку, Прэзідыум прапанаваў пакінуць на пасадзе старшыні Ірыну Вештард. Ігар Барысаў з Магілёва быў прапанаваны на пасаду першага намесніка старшыні, а каардынатарка працоўнай групы «Жанчыны БСДП» у Гродзенскай вобласці Марына Бабкова (да замуства Гундар) і цяперашні намеснік старшыні БСДП Аляксей Сігаеў — на пасады намеснікаў.

У той жа час аб сваіх прэтэнзіях на кіраўнічыя пасады заявіла група сябраў партыі – актывістаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». Яны нават стварылі ў кастрычніку мінулага года «ценявы аргкамітэт па падрыхтоўцы з’езду і рэфармаванні партыі».

Старшынёю партыі выказаў жаданне стаць цяперашні першы намеснік старшыні БСДП Ігар Маслоўскі. Былая сябар Мінскага гарадскога камітэта партыі Жанна Семянтовіч была намінавана «ценявым аргкамітэтам» на пасаду першай намесніцы старшыні БСДП. Цяперашнюю намесніцу старшыні БСДП Ганну Канюс (Брэст) і сябраў Цэнтральнага Камітэта Яўгена Вільскага (Полацк) ды Алега Шабетніка (Рэчыца) намінавалі на пасады намеснікаў старшыні партыі.

Цэнтральны Камітэт большасцю ў дзве траціны галасоў вырашыў падтрымаць прапанову Прэзідыума.

XVI з’езд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) адбудзецца 13 сакавіка. З’езд будзе праводзіцца ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Яганэса Рау.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?