08.03.2016 / 17:45

Олег Дашкевич: За наш и ваш гендер! 30

Мая прыяцелька-каляжанка страшна абцяжараная праблемай гендэрнай справядлівасьці. Такое ўражаньне, што яна з думкай пра гэта прачынаецца й засынае.

Гендэрная справядлівасьць – яе ідэя фікс, яе жыцьцёвы стымул, яе сьцяг. Некалі звычайная вясковая барышня са здаровым правінцыйным імпэтам ламанулася зь вёскі ў горад з думкай пра шчасьлівае жыцьцё. Ня ведаю, як наконт шчасьця, але справядлівасьць гэную яна адстойвае, нават у рэлігійных пытаньнях.

– Ну ты паглядзі, – зьвяртаецца яна да мяне, – чаму сьвятых сярод мужчын болей, чым сярод жанчын. Хіба гэта слушна? 

Спачатку я спрабаваў нешта адказваць, шукаючы нейкія, як мне здавалася, моцныя аргумэнты, але пасьля аднаго выпадку, зразумеў, што гэта марная справа.

Мы шпацыравалі па Варшаве, дзе яна зараз працуе, і дайшлі да касьцёла. Раптам яна ўвайшла ў касьцельны двор, падбегла да драўлянага крыжа, у якім тырчэла процьма цьвікоў, схапіла малаток і адным ударам увагнала сямідзясятку амаль па самую плешку ў дрэва. Я быў уражаны і шакаваны. 

– Гэта сымбаль пакутаў Хрыстовых. Убіваючы цьвік, мы каемся й прызнаем таксама сваю віну за тое, што Хрыстос быў укрыжаваны, – патлумачыла яна.

– Ведаеш, – прамовіў я празь нейкую хвілю роздуму. Я больш ня буду з табой спрачацца наконт гендэра ў рэлігійных справах, і нават па-за імі. Ты мяне пераканала. Пасьля такога ўдару Хрыста з крыжа пэўна б не зьнялі.

Каляжанка ўпартая дама, што да кар'еры, грошай, стасункаў з моцным полам, – цалкам самастойная. Карацей, такі падвід жанчыны эмансыпаванай. Калі капнуць белфэйсбук, акажацца, што імя яе аднадумкам – легіён. 

Сьвет імкліва мяняецца, і ў гендэрным пытаньні таксама. Сам панятак мужчына-жанчына нівэлюецца.

Калі ўзяць такую лякмусавую паперку грамадзтва і папулярную сфэру дзейнасьці чалавецтва, як спорт, то бачым, што напрыклад, жаночыя баі бяз правіл зьбіраюць такую ж колькасьць гледачоў, як і мужчынскія. Але ў двубоях паміж жанчынамі кіпяць яшчэ большыя за мужчынскія жарсьці. Вырачаныя вочы, разьбітыя насы. Штангісткі падымаюць вагу, амаль роўную з мужчынамі, што праўда й газуюць ад натугі часам таксама як мужыкі. Зь песьні слова ня выкінеш. 

Але каляжанка пэўная – будучыня не за прыхільніцамі лабутэнаў, будучыня за справядлівым гендэрам, і я неяк даю ёй веры.

Што тычыцца нашага кантэксту, то глеба для прарыву ў гендэрнай тэме – падрыхтаваная. Беларусь, нягледзячы на аўтарытарную ўладу, краіна ўкаранелага падспуднага матрыярхату, дзе мужчына ролю галавы сямейства ў добрай палове сем'яў адыгрывае дэкляратыўна. Арганізацыя жыцьця, адказнасьць за дзяцей (а часам і за самога мужчыну), фінансы, харызма і г.д., збольшага належаць жанчыне. Прынамсі, сярод маіх знаёмых сямейных пар прыкладна такія прапорцыі.

Савецкая ўлада і вайна паўплывалі на гэткую зьмену роляў, бо як сьпявалася ў адной раней папулярнай песеньцы, «патамушта на дзесяць дзяўчонак, па статыстыцы дзевяць рабят». Дэфіцыт мужчынаў спараджаў іхны інфантылізм, які наўпрост уплываў на зьмену іх сацыяльнай ролі. Мужчыны драбнелі, жанчыны – мужнелі. І ў гэтай сваёй новай ролі жанчыны навучыліся, фігуральна кажучы, забіваць цьвікі з аднаго ўдару па самую плешку.

Гледзячы на сваю каляжанку, я разумею, што сьвет вакол мяняецца. Мяняецца незваротна. За адным суседнім плотам кіруе прэзыдэнт Даля (Грыбаўскайце), за другім фэерычна змагалася за ўладу прэм'ер Юля (Цімашэнка). Канцлер Ангела (Мэркель) спусьціла з аблокаў на зямлю важака няўрымсьлівых сьцерхаў. Зборную Харватыі па гандболу на трыбунах чэмпіянату Эўропы ў Польшчы падтрымвала ня толькі прэзыдэнт, але сапраўдная фотамадэль – Калінда (Грабар-Кітаравіч). І ў вызначальным матчы натхнёныя харваты разьнесьлі ў пух гаспадароў-палякаў. 

Сасьпявае час і ў нас. Проба пяра адбылася, згадаем Таню Караткевіч. Гэта, вядома, не Калінда, але 20 адсоткаў галасоў мела. Уявіце сабе на яе месцы Калінду, і вось яна, перамога.

У час пераменаў прыгожыя жанчыны з «малаткамі ў рукох» – шалёны рэсурс.

Грамадзкі, фінансавы, харызматычны, інтэлектуальны, электаральны. Да наступных прэзыдэнцкіх выбараў ёсьць час падрыхтавацца, добра прыцэліцца і, як мае быць, «забіць цьвік па самую плешку». І каяцца ня трэба будзе. Трэба будзе сьвяткаваць перамогу.

Карацей, За вашу й нашу, так бы мовіць, гендэрную роўнасьць, дарагія жанчыны!

0
Ягор / Ответить
07.03.2016 / 19:15
«О, женщины — это мои избиратели. Вот говорят, что Лукашенко одни женщины поддерживают. А я говорю: дай Бог, чтоб так было до конца жизни... И страна будет наша — женская. А я буду у вас руководителем партии вашей...» вось такі "шалёны рэсурс", гэта добравядомы факт для ўсіх, акрамя Алега Дашкевіча
0
Кастусь Шворан / Ответить
08.03.2016 / 03:03
Баба мае ведаць сваё месца.
0
Нати / Ответить
08.03.2016 / 11:02
С 8 марта,мужчины! Нет,с 8 марта индивиды мужского пола. С 8 марта,НН. Жаль,что сегодня я открыла Ваш сайт,хотя знала,что в этот день лучше держаться от вас подальше.Пойду искать подниматель настроения.
Показать все комментарии/ 30 /
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера