Карпарацыя «Багдан» будзе збіраць ва Украіне беларускія грузавікі МАЗ. Пакуль мяркуецца буйнавузлавая вытворчасць: зборка шасі, зварка, афарбоўка і ўсталёўка грузавой платформы. Надалей украінскі аўтавытворца мае намер лакалізаваць вытворчасць, прыцягваючы айчынных вытворцаў складнікаў.

Грузавікі, якія будзе збіраць «Багдан», маюць падвойнае прызначэнне. Г.зн. яны могуць выкарыстоўвацца як у вайсковых, так і ў грамадзянскіх мэтах. Гаворка перадусім ідзе пра дзве поўнапрывадныя мадэлі: МАЗ 5316 і МАЗ 6317. Апошні ў Беларусі выкарыстоўваюць у якасці платформы для рэактыўнай сістэмы залпавага агню «БелГрад».

Надалей «Багдан» плануе арганізаваць вытворчасць яшчэ адной мадэлі – седлавога цягача МАЗ 6425. Такія машыны ўжо стаяць на ўзбраенні ўкраінскага войска. У прыватнасці яны былі заўважаны за перавозкай новых украінскіх бронетранспарцёраў БТР-4Е1.

Апроч грузавікоў МАЗ карпарацыя «Багдан» актыўна асвойвае вытворчасць браняваных аўтамабіляў. У снежні 2014 года «Багдан» прэзентаваў свой першы браняваны аўтамабіль – «Барс». Хаця да гэтага карпарацыя не мела аніякага дачынення да вытворчасці хоць якой вайсковай тэхнікі, пагатоў браняванай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?