70 гадоў савецкай улады пакінулі нам шмат асоб, дзейнасць якіх сёння не можа быць ацэненая інакш як, мякка кажучы, неадназначная. І подзвігі многіх з тых, у гонар каго названы вуліцы Мінска, павінны быць пераасэнсаваныя намі ў рэаліях сённяшняга дня. Адзін з такіх «герояў» мінулых гадоў — тэрарыст Іван Пуліхаў. У ноч з 9 на 10 сакавіка спаўняецца 110 гадоў з дня яго страты — ён быў павешаны на варотах Мінскага турэмнага замка.

Яшчэ гадоў 20—30 таму, калі савецкія грамадзяне даведваліся аб тэрарыстычных актах толькі з навін з-за мяжы, можна было ставіцца да яго як да чалавека самых высакародных памкненняў. Але сёння, калі кожны з нас усведамляе небяспеку стаць ахвярай тэракту нават у родным Мінску (у натоўпе на свяце, у метро…), мы можам зусім па-іншаму ацаніць «подзвіг» Пуліхава.

Расійская імперыя была далёка не ідэальнай дзяржавай, і ў сотняў тысяч яе грамадзян было за што не любіць манархію. Напэўна, у першую чаргу гэта тычыцца прадстаўнікоў нацыянальных і рэлігійных меншасцяў, якімі былі, напрыклад, габрэі і палякі, жыццё якіх падпадала пад самыя несправядлівыя дыскрымінацыйныя законы. Таму прадстаўнікоў гэтых нацыянальнасцяў шмат сярод рэвалюцыйных партый, якія ставілі сваёй задачай змену існуючага ладу — дзяржава проста не пакідала ім іншага шанцу дамагчыся свабоды, роўнасці і братэрства.

Іван Пуліхаў.

Іван Пуліхаў.

Пуліхаў не належаў ні да якіх дыскрымінаваных меншасцяў. Быў ён не толькі рускім і праваслаўным, але і дваранінам.

Гэтае званне выслужыў цяжкай працай яго бацька, які нарадзіўся ў сялянскай сям’і, атрымаў адукацыю, скончыўшы Курскае землямернае вучылішча, пачаў кар’еру тапографа і выслужыў чын калежскага асэсара, які даваў дваранства… Гэта значыць, Пуліхаў-старэйшы скарыстаўся якраз тымі перавагамі і магчымасцямі, якія давала існуючая сістэма — і фактычна зрабіў сябе сам. Быў у Пуліхава свой дом у Мінску, а Іван меў магчымасць вучыцца ў Санкт-Пецярбургу. Хоць, вядома, вясёлкавым яго жыццё не назавеш. Вось, што распавядала пра яго хаўрусніца Аляксандра Ізмайловіч:

«… Ён быў найстарэйшы ў велізнай сям’і ўсіх узростаў. Маці памерла, бацька ажаніўся з другой. Да ранейшай сям’і далучылася яшчэ новая. Тут, у сям’і, ён быў зусім адзін. Сям’я сяк-так перабівалася ў маленечкім уласным дамку ў брудным завулку на капеечнае жалаванне бацькі-каморніка. Нешта з 3-га ці 4-га класа Ваня (гэта было яго сапраўднае імя, але мы заўсёды яго клікалі Васем, так моцна прыклеілася да яго гэтая канспіратыўная мянушка…) пачаў даваць урокі. З шостага класа ён ужо добра зарабляў і жыў асобна ад сям’і.

Лёс сутыкнуў яго са старым рэвалюцыянерам: ён наняў пакой у аднаго беднага чыноўніка, ідэаліста і рэвалюцыянера. Той адкрыў яму вочы на ўсё. З кваснага патрыёта Вася стаў чырвоным.

У 7-м класе ён вырашае заняцца мовамі, каб паступіць ва ўніверсітэт. Заўсёды прыкладны, старанны вучань, ён дэманстратыўна закідвае ўсе падручнікі, кажа нейкую дзёрзкасць выкладчыку, выходзіць сам з рэальнага вучылішча і едзе ў Піцер. Універсітэт малюецца яму сапраўдным храмам навук, куды ўваходзяць з непакрытай галавой і чыстым сэрцам. Ён ідзе туды з глыбокай пашанай. Расчараванне цяжкае…»

У сталіцы Пуліхаў перажывае далёка не лепшыя часы, начуе на лавах у парку, трапляе ў паліцыю… Аднак увесь вольны час праводзіць у бібліятэцы, і нават, патрапіўшы на 8 месяцаў у «прадварылку» (нешта накшталт сучаснага СІЗА), шмат чытае. Пасля ён распавядаў Ізмайловіч пра турму:

«Сумна было сыходзіць адтуль — не паспеў скончыць Маркса «Капітал». Бо наша доля такая — толькі ў турме і чытаеш».

Пуліхава вярнулі бацьку ў Мінск і тут ён, зарабляючы нядрэнныя грошы ўрокамі, увесь час і грошы аддаваў мінскай секцыі партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў — эсэраў. Гэтая партыя ў барацьбе з царызмам актыўна выкарыстоўвала тэрор. Але яшчэ вельмі доўга ў Івана Пуліхава заставаліся сумневы, ці здольны ён забіць чалавека, пра што ўспамінала тая ж Ізмайловіч:

«Памятаю, якраз зімовай ноччу мы вярталіся з ім аднекуль, і ён, як заўсёды, калі бываў удваіх з чалавекам, да якога паспеў прывыкнуць, разгаварыўся па душы:

— Я не магу лічыць сябе сябрам партыі, — казаў ён. — Я прызнаю ў тэорыі тэрор, але ці магу я сам выступаць як тэрарыст, не ведаю.

Памятаю, ён казаў гэта ўсхвалявана, з сумам. Відаць было, што яго страшна мучыць такі разлад паміж яго тэорыяй і практыкай.

— Я не магу ўявіць сябе тым, хто забівае чалавека. Я не магу не бачыць чалавека ў тым, каго мы забіваем. А чалавек гэта ж так многа. Можа быць, я пераступлю з часам праз гэта — вырасту… не ведаю… Але цяпер я не тэрарыст.

Прайшло два гады пасля гэтага. Вася ішоў на Курлова».

Падзея, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай «Курлоўскі расстрэл», хутчэй за ўсё, і стала тым надломам у светапоглядзе Пуліхава,

пасля якога ён быў гатовы да ўсіх метадаў барацьбы, у тым ліку і тэракту, які пагражаў дзесяткамі смерцяў нявінных грамадзян. Інцыдэнт адбыўся 18 кастрычніка 1905 года падчас дазволенай губернатарам масавай акцыі ў гонар найвышэйшага маніфесту, які абяцаў: «Падараваць насельніцтву непахісныя асновы грамадзянскай свабоды на пачатках сапраўднай недатыкальнасці асобы, свабоды сумлення, слова, сходаў і саюзаў»…

Тады з-за распачатай вайскоўцамі і паліцэйскімі страляніны на Віленскім вакзале Мінска загінула не менш за 50 чалавек і больш за сотню было паранена. Але мы не маем цяпер ніякіх дакументаў, якія б даказалі, што ў трагедыі вінаваты менавіта мінскі губернатар Павел Курлоў.

Наадварот, ён быў гатовы на кампраміс і спрабаваў пазбегнуць ахвяр. Калі да губернатара з’явіліся дэлегаты ад масавага сходу на чале з выканаўцам абавязкаў мінскага гарадскога галавы Стэфановічам і запатрабавалі адпусціць усіх палітычных зняволеных, ён пайшоў ім насустрач і загадаў выпусціць з Мінскага турэмнага замка прынамсі ўсіх адміністрацыйна затрыманых.

Расстрэл дэманстрацыі быў, хутчэй, збегам абставінаў, калі з аднаго боку знаходзіўся раздражнёны натоўп, а з другога – вайсковы патруль, абавязаны ахоўваць вайсковы аб’ект, якім з’яўляецца вакзал, ад любых замахаў.

Так, загінула шмат людзей, але ж Пуліхаў, кідаючы ў губернатара, які знаходзіўся ў натоўпе, бомбу, разумеў, што ахвярамі стануць і дзясяткі ні ў чым не вінаватых грамадзян.

На шчасце, тая бомба не ўзарвалася, ды і не магла — з самага пачатку замах на губернатара Курлова адбываўся пад поўным кантролем спецслужбаў таго часу – маскоўскага Ахоўнага аддзялення.

Пра гэта ў сваіх мемуарах «На лязе з тэрарыстамі» пісаў Аляксандр Герасімаў (1861—1944) - начальнік Пецярбургскага Ахоўнага аддзялення: «Зімой 1905—1906 года агент маскоўскага Ахоўнага аддзялення, вядомая пасля Жучэнка, паведаміла свайму начальству, што ёй даручана рэвалюцыйнай арганізацыяй даставіць бомбу ў Мінск для замаху на мінскага губернатара Курлова, і прасіла даць указанні, як ёй быць. Начальнік аддзялення палкоўнік Клімовіч і яго памочнік фон Котэн вырашылі, што бомбу яна павінна адвезці па прызначэнні, але ў такім выглядзе, каб яна не магла выбухнуць.

Фон Котэн, былы артылерыст, сам дастаў дэтанатар з бомбы, пасля чаго Жучэнка адвезла яе ў Мінск.

Не дзіўна, што кінутая бомба не ўзарвалася, хоць трапіла Курлову, здаецца, у галаву. Рэвалюцыянер, які кінуў бомбу, быў схоплены і павешаны. Усе гэтыя падрабязнасці я чуў пасля асабіста ад фон Котэна. Я паказаў яму на недапушчальнасць такіх дзеянняў з боку Ахоўнага аддзялення, але ён у адказ толькі засмяяўся…»

Агентка «ахранкі» Зінаіда Жучэнка, якая прывезла нядзейную бомбу ў Мінск.

Агентка «ахранкі» Зінаіда Жучэнка, якая прывезла нядзейную бомбу ў Мінск.

Маскоўскіх сышчыкаў больш хвалявала небяспека выкрыцця сваёй агенткі Зінаіды Жучэнка, чым рызыка, што падчас іх небяспечнай гульні могуць загінуць не толькі самі тэрарысты (за падобнае злачынства ім быў перадвызначаны смяротны прысуд), але і нявінныя людзі.

Як высветлілася, паліцыянты не ўлічылі ўсіх магчымых варыянтаў развіцця падзей, і ў выніку замаху ледзь не загінуў мінскі паліцмайстар Нораў, у якога некалькі разоў стрэліла Аляксандра Ізмайловіч. У нас ёсць магчымасць даведацца аб тым, што адбылося яшчэ ад аднаго ўдзельніка тых падзеяў — ад самой «ахвяры» замаху губернатара Курлова, які апісаў іх у мемуарах «Гібель Імператарскай Расіі».

Мінскі губернатар Павел Курлоў.

Мінскі губернатар Павел Курлоў.

Ён, падобна, не папярэджаны спецслужбамі аб магчымым замаху на яго, так апісаў гэты інцыдэнт: «14 студзеня 1906 года ў мяне была кінута другая бомба. Я прысутнічаў у Саборы на памінальнай службе па начальніку дывізіі; па заканчэнні адпявання я разам з іншымі службовымі асобамі вынес і стаў усталёўваць на пахавальную калясніцу труну нябожчыка. За мной стаяў з крыжом у руках Мінскі архіепіскап, правялебны Міхаіл, акружаны духавенствам.

Я адчуў лёгкі ўдар у галаву і, думаючы, што з даху сабора зваліўся камяк снегу, бо ў гэты час была адліга, не звярнуў на гэта ніякай увагі. Праз некалькі секунд да мяне падбег усхваляваны начальнік канцылярыі губернатара са словамі: «Ваша правасхадзіцельства! Бомба!» Я паглядзеў уніз і ўбачыў чатырохкутны скрутак у шэрай паперы, які ляжаў каля маіх ног.

Паліцмайстар прасіў мяне сесці ў экіпаж і ехаць дадому, што я і выканаў. Праз некалькі хвілін ён з’явіўся да мяне на кватэру і далажыў, што адразу ж пасля майго ад’езду нейкая жанчына зрабіла некалькі стрэлаў з браўнінга, прычым прастрэліла яму каўнер мундзіра і каўнер паліто чыноўніка па асаблівых даручэннях. На шчасце, абодва гэтыя стрэлу не ўчынілі гэтым асобам ніякай шкоды…

Злачынец, які кінуў у мяне бомбу, апынуўся Пуліхавым, а жанчына, што страляла з браўнінга, — дачкой начальніка артылерыі IV армейскага корпуса Ізмайловіч. Абое былі арыштаваныя. Пры расследаванні высветлілася, што

Пуліхаў кінуў бомбу ўверх у разліку, што яна ўпадзе на зямлю і разарвецца, але яна краем падрапала мне галаву, а затым па рукаве вышытага золатам прыдворнага мундзіра ціха скацілася да маіх ног.

У 4 гадзіны дня, за адсутнасцю спецыялістаў па разраджэнні бомбаў, яна была пакладзеная ў распаленае сярод плошчы, паміж губернатарскім домам і саборам, вогнішча. Выбух быў такі моцны, што ў прылеглых да плошчы будынках былі выбітыя ўсе шыбы.

Праз некалькі дзён абаіх злачынцаў судзілі ў вайсковым судзе і прысудзілі да смяротнага пакарання, нягледзячы на тое, што я ўказваў старшыні вайсковага суда аб непажаданасці прымянення такога пакарання, бо здзейсненае Пуліхавым і Ізмайловіч з’яўлялася толькі замахам на злачынства. Камандуючы войскамі Віленскай вайсковай акругі замяніў для Ізмайловіч смяротнае пакаранне катаржнымі работамі, а ў дачыненні да Пуліхава прысуд суда зацвердзіў».

У гэты ж дзень Курлоў адправіў тэлеграму аб тым, што адбылося, імператару, дзе прасіў судзіць вінаватых вайскова-палявым судом.

Падчас стральбы Ізмайловіч, не пацэліла ў паліцмайстара, параніла двух чалавек,

пра што паведаміў пракурор Мінскага акруговага суда А. Зубкоў пракурору Віленскай судовай палаты А. Кароткаму: «Як устаноўлена пры далейшым следстве, з ліку публікі, што была каля Петрапаўлаўскага Сабора 14 студзеня падчас вынасу цела генерала Курча, аказаліся двое параненых, а менавіта радавы Захар Патапаў і паштальён Фама Ганчарык…»

Тэрарысты былі затрыманыя на месцы злачынства. Па некаторых дадзеных паліцыя паспела адкрыць агонь у адказ, што таксама магло прывесці да новых ахвяраў, але, на шчасце, нават Пуліхаў і Ізмайловіч не пацярпелі ад гэтага агню. Праўда, ім сур’ёзна дасталася ўжо ад рук і ног паліцэйскіх. Лёс Аляксандры Ізмайловіч варты асобнага артыкула, адзначым толькі, што яна пасля затрымання зведала збіццё і здзекі. Так яе таварыш па партыі эсэраў пісаў:

«Яе павалілі, збілі, адправілі ў пастарунак, дзе гасілі аб яе цела папяросы, катавалі так, што лопнула барабанная перапонка правага вуха. Калі я яе ўбачыў у турме, твар быў чорны, вока не відаць было — замест яго сіняя пляма…

Дасталося і Пуліхаву, пра што ўспамінала сама Ізмайловіч: «Я даведалася, што ён быў збіты яшчэ больш майго — ён зусім не мог ляжаць, так балела спіна і бакі».

Аляксандра ж захавала для нас і ўсе падрабязнасці працэсу над імі: «… Гадзін у 11 нас з Васем павялі на суд. Вялікая светлая зала, з партрэтамі па сценах, шэрагі крэслаў, доўгі стол перад намі для суддзяў і два невялікія сталы абапал яго для абароны і пракурора. Каля праходу, у адным з шэрагаў крэслаў сядзела мая сястра Маня. Яна ўстала, калі нас праводзілі міма, і ўсміхнулася нам. Каля яе стаяў стары з сумнымі вачмі. «Бацька», шапнуў мне Вася. Нас пасадзілі наперадзе каля стала абаронцаў. Увайшлі суддзі. Селі. Сталі выклікаць сведак. Для нас з Васем цікавей за ўсіх сведак былі, вядома, Курлоў і Нораў, асабліва першы…

Нам жудасна было весела з Васем сядзець, слухаць і абменьвацца ціхімі заўвагамі.

Адзін раз мы з ім загаварыліся і не чулі нейкага пытання старшыні. Прыйшлося камусьці з абаронцаў падштурхнуць Васю… Давалі мы свае паказанні (ад апошняга слова мы адмовіліся): Вася, а потым я. Казалі аб дзеяннях Курлова, Норава, аб расстрэле 18 кастрычніка…

Гаварыў пракурор, гучна, выразна, адсякаючы кожнае слова. Казаў ён вельмі мала. Скончыў эфектна, асабліва гучна і энергічна:

— Па законе належыць падсудным толькі адзін від пакарання: смяротная кара.

Апошнія словы ён выгукнуў, як правінцыйны трагік. Суд пайшоў раіцца.

— Івану Пуліхаву за такое злачынства, прадугледжанае такім артыкулам, — смяротная кара праз павешанне.

— Аляксандры Ізмайловіч за такое злачынства, прадугледжанае гэтакім артыкулам, - смяротная кара праз павешанне.

— Бярыце падсудных…»

Аляксандра Ізмайловіч у Бутырскай турме.

Аляксандра Ізмайловіч у Бутырскай турме.

Як і меркавалі шматлікія, датычна Аляксандры смяротная кара была замененая катаргай (да гэтага моманту павешанне было ўжыта толькі да адной жанчыны - Соф’і Пяроўскай, якая непасрэдна кіравала забойствам імператара Аляксандра II).

Ізмайловіч правядзе ў Забайкаллі на Нерчынскай катарзе 11 гадоў, будзе вызваленая ў 1917, а потым пойдзе ўжо па зусім іншых судах, турмах, высылках… — па савецкіх. Аляксандра Ізмайловіч у 1937 годзе будзе асуджаная вайсковай калегіяй Вярхоўнага суда СССР да 10 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў прыналежнасці да тэрарыстычнай арганізацыі, а 8 верасня 1941 года, пасля падпісання прысуду Сталіным, будзе асуджаная да смяротнай кары.

Ізмайловіч расстралялі 11 верасня 1941 года ў Мядзведзеўскім лесе пад Арлом, разам са 157-ю вядомымі дзяржаўнымі, партыйнымі і навуковымі дзеячамі.

А вось у дачыненні да Пуліхава, ні ён сам, ні яго таварышы не чакалі літасці, таму ўвесь гэты час для яго рыхтавалі ўцёкі: «Увечары Карл прастукаў мне: Усё прапала. Аказалася, што Вася павінен быў у гэты дзень вылезці праз дзірку ў сваёй столі ў камеру крымінальных і, пераапрануўшыся крымінальным, сысці зараз жа. Саўдзельнікі праламалі дзірку ў яго столі. Заставалася толькі падняцца. Зайшоў зусім выпадкова наглядчык. Дзірка была заўважаная. Усё загінула … Зайдзі наглядчык на паўгадзіны пазней, і ён знайшоў бы ўжо Васеву камеру пустой…»

Апісала Ізмайловіч і апошні дзень Пуліхава: «Памятаю, быў сонечны зімовы дзень перад заходам, 24 лютага. У адкрытую фортку да мяне даносілася вясёлае шчабятанне вераб’інага хору. Яны як быццам сустракалі вясну, яшчэ далёкую, але ўжо адчуваную імі. На душы ў мяне была звычайная для ўсіх гэтых дзён ясная празрыстая ціхамірнасць. Памятаю, я хадзіла па вежы і слухала свае думкі. Раптам цішыню і вераб’інае шчабятанне прарэзаў гучны знаёмы голас:

— Таварышы, цяпер на спатканні бацька сказаў мне, што мой смяротны прысуд зацверджаны …

Вася казаў пра тое, як ён сустракае смерць, як ён моцны і шчаслівы цяпер. Гэты апошні стук быў надрукаваны праз некалькі дзён, асобным лістком мінскім камітэтам эсэраў: «У палаючым доме пабітых шыбаў не лічаць, — стукаў Вася. Я толькі адна з гэтых шыбаў у шматпавярховым будынку самадзяржаўя і капіталізму. Хай будзе так, але я шчаслівы тым, што, пакуль я жыў, праз гэтую шыбу пранікала хоць цьмянае святло ўсярэдзіну будынка. А будынак гарыць … Хай маё жыццё сёння абарвецца, але скрозь пабітую шыбу, я веру, уварвецца ўсярэдзіну парывісты вецер, — і стары будынак нарэшце абрынецца. Я шчаслівы. Клянуся вам, я не маню. Як гарачай хваляй змыла з мяне ў гэтыя хвіліны думка пра вас, маіх блізкіх, дарагіх. Бывайце»…

Раніцай на паверцы спытала наглядчыка: Пуліхава павесілі? Ён моўчкі, не гледзячы на мяне, кіўнуў галавой…»

Застаўся яшчэ адзін успамін відавочцаў пакарання Пуліхава, аднак невядома наколькі яму можна давяраць, бо гэта сведчанне належыць дзецям. Захавалася яно дзякуючы мемуарам «Палёт скрозь гады» ваеннага лётчыка Аляксея Туманскага: «Аднойчы позна ўвечары да мяне зайшлі два мае найбліжэйшыя сябры па гімназіі: Грыша Камінскі і Валодзя Грыгор’еў. Пад вялікім сакрэтам яны паведамілі, што ўначы Пуліхава будуць вешаць на турэмным двары. Валодзя сказаў, што ён ведае, як убачыць двор і пакаранне смерцю, і што яны з Грышам пойдуць туды. Спярша я хацеў ісці з імі, але, памеркаваўшы і прадставіўшы сабе ўсе падрабязнасці пакарання, вырашыў, што магу не вытрымаць і падвяду таварышаў. Назаўтра яны не зайшлі за мной, і я адправіўся ў гімназію адзін.

Толькі на вялікім перапынку таварышы распавялі, як усё было. Яны бачылі, як Пуліхава падвялі да шыбеніцы. Рукі яго былі звязаныя. Нейкі чыноўнік чытаў паперу, потым падышоў святар і даў пацалаваць крыж. Пуліхаў адвярнуўся. Тады яму хутка накінулі на галаву чорны мяшок, паставілі на лаўку пад шыбеніцай, надзелі пятлю на шыю і выбілі з-пад ног апору.

Ён павіс на вяроўцы, і ў яго пачалі сутаргава рухацца ногі, выгінацца ўсё цела. Хлопцы больш не вытрымалі і ціхенька спусціліся з даху суседняга з турмой дома.

Ізмайловіч у сваіх успамінах называе дату 24 лютага (9 сакавіка па новым стылі) 1906 года. На помніку Пуліхава таксама пазначана, што пакараны смерцю ён быў у ноч з 24 на 25 лютага. Аднак, напрыклад, «Вікіпедыя» называе дату 26 лютага дадаючы, што «Пуліхаў быў павешаны на вежы гарадской турмы». Хоць, успаміны Ізмайловіч відавочна называюць арку брамы. Сапраўды,

увайсці ў Мінскі турэмны замак можна было толькі праз будынак наглядчыцкага дома, усярэдзіне якога быў зроблены ў выглядзе тунэлю праход, які сканчаўся паўкруглай аркай. Прычым гэты праход быў замкнёны як унутранымі, так і знешнімі варотамі.

На наступны дзень зняволеныя спявалі рэвалюцыйныя песні, вывешвалі з вокнаў самаробныя чорныя сцягі і нават паспрабавалі не запальваць агню і аб’явіць агульную галадоўку. Яе падтрымалі некаторыя крымінальныя арыштанты, але частка палітычных аказалася не здольнай нават на такі акт салідарнасці. «А палітычныя — не ўсе сапраўдныя, ёсць зусім дрэнны народ у іх» — з горыччу сказаў адзін з крымінальнікаў Ізмайловіч. Вельмі хутка было названа і імя ката — казалі, што ім быў старшы наглядчык Канстанцін Алейчык: «Гэта старшы, Алейчык. Ён яшчэ штурхнуў Пуліхава ў варотах, нашы бачылі. Ён і пятлю зацягнуў. А другі наглядчык лямпу трымаў…

Усе яны, перабіваючы адзін аднаго, казалі, што нехта з іх бачыў на сцяне аркі паміж вонкавымі і ўнутранымі варотамі, дзе вешалі Васю, кроў, лаялі Алейчыка адборнымі словамі, распавядалі, як прагналі яго сёння з паверкі, як будуць зараз заўсёды ганяць…

У гэты дзень і ў наступныя я не раз чула, як з акна чуліся зласлівыя галасы: «А, кат, крывасмок …» і г.д. аж да нецэнзурнай лаянкі. Гэта праводзілі Алейчыка, калі ён ішоў міма вокнаў…

На другі дзень Алейчык, стары з суровым тварам, з маленькімі злоснымі вачыма … у адзін са сваіх звычайных прыходаў спыніўся каля дзвярэй, не сыходзіў чамусьці. Я, не звяртаючы ўвагі на яго, хадзіла па камеры. Ён нерашуча пачаў: «Вам ужо паспелі нагаварыць на мяне… Няпраўда гэта, хлусяць» … Я спынілася і ва ўпор гледзячы яму ў вочы спытала: «Вы павесілі Пуліхава?». Ён неяк затросся ўвесь і плачучым голасам зачасціў: «Не я … не я … праваліцца мне на гэтым месцы. Ды мне кавалак у горла не ідзе, як я даведаўся, што яго павесілі… Ды каб я… дваццаць пяць гадоў служу. Дзеці ў мяне малыя ёсць… А я раптам»… Некалькі дзён пасля гэтага ён не з’яўляўся да мяне і зусім не быў у турме, казалі. Крымінальныя тлумачылі яго адсутнасць страхам: «Мы сказалі, што заб’ем яго, а не пусцім да нас». Прыязджаў пракурор і як быццам бы даў слова гонару, што Алейчык не быў катам. Жарсці ўціхамірыліся, і стары зноў з’явіўся ў турме. Не ведаю, ці мелі рацыю тыя, хто яго вінаваціў.

Такім чынам, мы не можам са стопрацэнтнай дакладнасцю назваць прозвішча ката. Наўрад ці гэта быў Алейчык, бо гэта зусім не ўваходзіла ў яго абавязкі.

На самай справе, з мемуараў той жа Ізмайловіч відаць, што ўчынак тэрарыстаў выклікаў шчырую нянавісць вельмі многіх людзей – калі б бомба выбухнула ў натоўпе сярод загінулых маглі апынуцца дзясяткі паліцэйскіх, вайскоўцаў і мірных грамадзян. Таму многія з іх плявалі ў бок тэрарыстаў, жадаючы ім смерці — і любы з іх мог, не крывячы душой, прывесці смяротны прысуд у выкананне.

Але былі ў тэрарыстаў і прыхільнікі, і паслядоўнікі — іх таварышы па барацьбе.

Каб пазбегнуць магчымых мітынгаў і нават паломніцтва на магілу, цела Пуліхава было таемна пахавана на Старажоўскіх могілках, і толькі пры савецкай уладзе вартаўнік адкрыў гэтае месца. У 1954 годзе пры закрыцці могілак, парэшткі перапахавалі на Вайсковых могілках.

Там быў усталяваны мемарыяльны камень з тэкстам: «Івану Пуліхаву, пакаранаму смерцю ў ноч 24/25 лютага 1906 года за замах на мінскага губернатара-ката Курлова. Ад беларускіх… паліткаторжанаў».

Сёння ўчынак Пуліхава не меў бы іншай назвы як тэрарыстычны акт — якімі б высакароднымі памкненнямі ён не быў выкліканы. Але вуліца ў Мінску па-ранейшаму названая ў яго гонар.

Відавочна, што і ён, і Аляксандра Ізмайловіч пайшлі на гэта злачынства не з карыслівых меркаванняў. Яны былі шчыра ўпэўненыя, што такім чынам набліжаюць светлую будучыню і што дзеля гэтага будучага можна ахвяраваць і сваімі жыццямі, і жыццямі сотняў і тысяч чалавек…

І цяжка сказаць, хто быў больш шчаслівым: Пуліхаў, пакараны смерцю з марай пра гэту будучыню, або Ізмайловіч, якая дажыла да тых «светлых дзён», прайшла праз новыя абсурдныя суды і пачула ўжо другі ў сваім жыцці смяротны прысуд.

І другі раз літасці не было.

* * *

Зміцер Дрозд

гісторык-архівіст, аўтар кніг «Землеўласнікі Мінскай губерні 1861—1900», «Землеўласнікі Мінскай губерні 1900—1917». Пасля Плошчы-2010 быў асуджаны за ўдзел у «масавых беспарадках» на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Выйшаў на волю ў жніўні 2011.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?