09.03.2016 / 16:37

У Японіі суд распарадзіўся спыніць два ядзерныя рэактары

Суд Японіі ў сераду пастанавіў закрыць два атамныя рэактары, бо яны ўяўляюць пагрозу для бяспекі краіны.

Рашэнне датычыцца трэцяга і чацвёртага рэактараў АЭС «Такахама», якая знаходзіцца ў 350 км ад Токіа.

Праца чацвёртага рэактара была прыпыненая ў канцы лютага з-за тэхнічнай памылкі. Трэці рэактар працуе да гэтага часу. Абодва рэактары аднавілі сваю працу толькі сёлета.

Кіруе рэактарамі кампанія Kansai Electric, якая назвала рашэнне суда сумным. Паводле дадзеных агенцтва Франс прэс, кампанія збіраецца падаваць апеляцыю.

Пазоўнікамі па справе выступілі людзі, якія жывуць па суседстве з АЭС. Яны заявілі, што рэактары ўяўляюць пагрозу для возера Біва — асноўнай крыніцы вады для рэгіёну. Калі на станцыі адбудзецца аварыя, то вада ў возеры будзе забруджаная.

Пасля выканання рашэння суда ў краіне застанецца толькі два працуючыя атамныя рэактары.

Патрабаванні да бяспекі атамных электрастанцый у Японіі сталі нашмат больш жорсткімі пасля аварыі на АЭС «Фукусіма», якая адбылася ў сакавіку 2011 года.

Прэм'ер-міністр краіны Сіндза Абэ плануе адрадзіць атамную энергетыку ў Японіі. Усяго, згодна з планамі ўрада, павінны быць перазапушчаныя 25 рэактараў, што выклікае грамадскія пратэсты. Рашэнне суда істотна ўскладняе рэалізацыю гэтых планаў.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру