У дачыненні да васьмі ўдзельнікаў акцыі ў падтрымку Надзеі Саўчанка, якая праходзіць 9 сакавіка ля пасольства Расіі ў Менску, складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Яны абвінавачваюцца ў правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Як паведаміла ўдзельніца акцыі Вольга Нікалайчык, супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС Мінска складалі пратаколы на працягу 50 хвілін. У выніку пратаколы складзеныя ў адносінах яе самой, Максіма Вінярскага, Леаніда Кулакова, Алексы Кліменкі, Сержука Смірнова, Алены Церашковай, Алега Гаеўскага і Дзмітрыя Захарэвіча.

Падчас складання пратаколаў удзельнікі акцыі заўважылі прыпаркаваныя каля бліжэйшых да пасольства дамоў міліцэйскія аўтамабілі для перавозкі затрыманых і мікрааўтобус з таніраваным шклом, аднак пасля завяршэння працэдуры міліцэйскую тэхніку адагналі.

Па словах Нікалайчык, дзеянні супрацоўнікаў міліцыі не паўплывалі на планы удзельнікаў акцыі заставацца ля пасольства да 18.00. Каб пазбегнуць пераахаладжэння, грамадскія актывісты пастаянна змяняюць адзін аднаго.

Пікет каля амбасады РФ пачаўся сёння ў 11.00 — у гэты час у Данецку (Растоўская вобласць РФ) пачаўся суд над украінскай лётчыцай. У пікавы момант каля пасольства налічвалася 14 чалавек. На пачатку акцыі за падзеямі назіралі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, у тым ліку намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама Максім Грышчанка. З пасольства да пікетоўцаў ніхто не выходзіў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?