09.03.2016 / 20:44

Шумчанка: Мінэканомікі адхіліла прапановы ІП аб адміністрацыйнай амністыі і ўвядзенні мікрапартый тавару

Міністэрства эканомікі адхіліла прапановы індывідуальных прадпрымальнікаў аб адміністрацыйнай амністыі і ўвядзенні мікрапартый тавару, паведаміў старшыня РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка, які ўдзельнічаў 9 сакавіка ў чарговым пасяджэнні рабочай групы па праблемных пытаннях індывідуальных прадпрымальнікаў.

Члены рабочай групы раней прапаноўвалі ўвесці для ІП адміністрацыйную амністыю па парушэннях, звязаных з тэхрэгламентам аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці, з 1 ліпеня 2014 года па 1 студзеня 2016 года — пакуль не набыў моц указ № 222 аб прадпрымальніцкай дзейнасці.

«Сёння мы пачулі катэгарычны адказ з вуснаў намесніка міністра эканомікі Ірыны Касцевіч — яны зрабілі запыты ў МПЗ і Мінюст і прыйшлі да высновы, што адміністрацыйная амністыя ўводзіцца не будзе. Пытанне закрылі», — заявіў Шумчанка.

Таксама, паводле яго слоў, пакуль не вырашанае пытанне з увядзеннем у заканадаўства паняцця «мікрапартыя тавару», якое б значна палегчыла ІП дакументаабарот. З гэтай нагоды рабочая група таксама чакае пазіцыі МПЗ і Мінюста.

Акрамя таго, на пасяджэнні ў чарговы раз абмяркоўваліся пытанні ўстаноўкі прадпрымальнікамі плацежных тэрміналаў. Лідар «Перспектывы» адзначыў, што прадстаўнікі Нацбанка прапануюць вызваліць ад абавязковай ўстаноўкі тэрміналаў ІП з месячнай выручкай да 300 базавых велічынь з усіх гандлёвых месцаў. Прапанова падтрыманая Мінгандлю і Мінэканомікі. «Але МПЗ выступае супраць, на іх думку, гэта створыць няроўныя ўмовы для дзейнасці ўсіх прадпрымальнікаў», — зазначыў Шумчанка.

«Намеснік міністра эканомікі Ірына Касцевіч сёння сказала, што пры распрацоўцы ўказа № 222 у дзяржавы не было мэты павялічыць падатковыя паступленні ад ІП. Была адна мэта — вывесці ўсіх на празрыстыя ўмовы працы. А хто не можа, хай знойдзе сабе іншае прымяненне», — сказаў кіраўнік аб'яднання.

Рабочая група створаная загадам міністра эканомікі Уладзіміра Зіноўскага 4 лютага пасля неаднаразовых просьбаў ІП пачаць дыялог пра іх праблемы. Групу ўзначалілі намеснік міністра эканомікі Ірына Касцевіч і намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч. У групе больш за 20 чалавек, у тым ліку кіраўнікі бізнес-саюзаў і старшыні саветаў рынкаў з рэгіёнаў. Пасяджэнні ў Мінэканомікі праходзяць у закрытым для прэсы рэжыме.

Наступнае яе пасяджэнне запланаванае на 18 сакавіка.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру